З гісторыі

Падрыхтоўка філолагаў вядзецца ў БДУ з 1921 г. – ад першых дзён заснавання ўніверсітэта. Аднак да 1939 г. асобнага філалагічнага факультэта не існавала. Да 1931 г. спецыялістаў па мове і літаратуры рыхтавалі на этнолага-лінгвістычным аддзяленні (пазней перайменавана ў літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне) педагагічнага факультэта.

З 1931 г. падрыхтоўка філолагаў у БДУ на восем гадоў была спынена. У 1939 г. роля ўніверсітэта ў навукова-педагагічным жыцці краіны была перагледжана. Адраджэнне філалагічнай адукацыі адбывалася на якасна новым узроўні: у газеце «Савецкая Беларусь» ад 21 ліпеня 1939 г. было апублікавана паведамленне аб стварэнні ва ўніверсітэце самастойнага філалагічнага факультэта з двума аддзяленнямі: беларускай мовы і літаратуры, а таксама рускай мовы і літаратуры. Дэканам філалагічнага факультэта быў прызначаны вядомы вучоны-лінгвіст прафесар Ц. П. Ломцеў, які адначасова з’яўляўся першым загадчыкам кафедры рускай мовы і літаратуры.

З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны дзейнасць універсітэта часова прыпынілася. Толькі 15 мая 1943 г. Савет Народных Камісараў СССР прыняў пастанову аб аднаўленні работы ўніверсітэта на станцыі Сходня Хімкінскага раёна Маскоўскай вобласці.

Пасля вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў БДУ вярнуўся ў Мінск. Два наступныя дзесяцігоддзі адзначаліся колькасным і якасным развіццём факультэта: адкрываліся новыя аддзяленні, рэарганізоўваліся кафедры. У канцы 1940-х гг. на факультэце былі два аддзяленні: 1) логікі, псіхалогіі і рускай мовы; 2) журналістыкі (факультэт журналістыкі быў створаны ў БДУ ў 1944 г., а з 1946 па 1967 г. ён функцыянаваў як аддзяленне філалагічнага факультэта).

У 1951 г. пасля чарговай рэарганізацыі ў склад факультэта ўваходзілі чатыры аддзяленні: 1) беларускай мовы і літаратуры; 2) рускай мовы і літаратуры; 3) журналістыкі; 4) логікі і псіхалогіі. У чэрвені 1967 г. аддзяленне журналістыкі было рэарганізавана ў самастойны факультэт і на філалагічным факультэце засталіся два аддзяленні: 1) беларускай мовы і літаратуры; 2) рускай мовы і літаратуры.

Філалагічны факультэт быў самым вялікім ва ўніверсітэце. Так, у 1968/69 нав. г. тут навучаліся 2652 студэнты. Гэта колькасць заставалася амаль нязменнай на працягу наступных сарака гадоў. У канцы 1960-х і ў 1970-я гг. пачынаюць інтэнсіўна развівацца сувязі факультэта з універсітэтамі іншых савецкіх рэспублік, актывізуецца міжнародная дзейнасць.

З 1985 г. на факультэце адбываюцца структурныя змены. Для ўдасканалення навукова-даследчай работы былі створаны дзве навукова-даследчыя лабараторыі (НДЛ): 12 лістапада 1985 г. распачала сваю дзейнасць НДЛ беларускага фальклору і дыялекталогіі (навуковы кіраўнік прафесар А. А. Лойка, якога пазней змяніў вядомы збіральнік, даследчык і папулярызатар беларускай народнай культуры В. Дз. Ліцьвінка); 1 красавіка 1987 г. – НДЛ тэарэтычнай і прыкладной лінгвістыкі (загадчык прафесар У. А. Карпаў).

24 чэрвеня 1988 г. ад кафедры рускай мовы адгалінаваліся дзве новыя: рускай мовы як замежнай і методыкі выкладання беларускай і рускай мовы і літаратуры. Загадчыкам першай быў абраны доктар філалагічных навук, прафесар У. В. Макараў, а другой – доктар педагагічных навук, прафесар Л. А. Мурына.

Новая старонка ў гісторыі факультэта пачынаецца з 1991 г. На першым этапе адбылася даволі істотная рэарганізацыя структуры факультэта:

− на пачатку 1993/94 нав. г. была ўтворана кафедра славістыкі, кафедра беларускай літаратуры падзелена на кафедры тэорыі і гісторыі літаратуры і беларускай літаратуры ХХ ст.;

− у 1993 г. адбыўся падзел кафедры беларускай мовы на кафедры сучаснай беларускай мовы і гісторыі беларускай мовы;

− на пачатку 1994/95 нав. г. кафедра гісторыі і тэорыі літаратуры падзелена на кафедры тэорыі літаратуры і гісторыі беларускай літаратуры;

− на пачатку 1995/96 нав. г. створана кафедра класічнай філалогіі.

У 1993 г. на факультэце пачалася падрыхтоўка славістаў. На дадзены момант прадстаўлены наступныя напрамкі: паланістыка, украіністыка, балгарыстыка, багемістыка, славакістыка і сербістыка.

У 1994 г. упершыню ва ўніверсітэце быў праведзены набор студэнтаў дзённай формы навучання на спецыяльнасць «Класічныя мовы і літаратуры», у 1995 г. – «Беларуская і нямецкая мовы», «Беларуская і французская мовы», «Беларуская і англійская мовы». Аддзяленні беларускай мовы і літаратуры, рускай мовы і літаратуры пачалі сумесную падрыхтоўку па спецыяльнасці «Беларуская і руская мовы і літаратуры».

У 1996 г. дэканам факультэта стала доктар педагагічных навук, прафесар Л. А. Мурына. Пад яе кіраўніцтвам факультэт працягваў актыўна развівацца. Былі створаны новыя і відазменены існуючыя спецыяльнасці.

Улічваючы актывізацыю рознабаковых адносін паміж Беларуссю і Кітаем, з 2001 г. на філалагічным факультэце пачалася падрыхтоўка кітаістаў.

У 2002 г. дэканам факультэта быў абраны доктар філалагічных навук, прафесар І. С. Роўда, які кіруе факультэтам і сёння. У гэтыя гады істотна актывізавалася міжнародная дзейнасць, пачалося матэрыяльна-тэхнічнае пераабсталяванне факультэта. Умацаваліся сувязі з пасольствамі тых дзяржаў, мовы якіх вывучаюцца на факультэце. Пры матэрыяльнай падтрымцы гэтых краін быў адкрыты цэлы шэраг спецыялізаваных кабінетаў:

− польскай філалогіі (2003);

− аўдыёвізуальных сродкаў (2003);

− кітайскай філалогіі (2003);

− беларускай філалогіі (2004);

− украінскай філалогіі (2004);

− італьянскай філалогіі (2005);

− рускай філалогіі (2007);

− нямецкай філалогіі (2009);

− чэшскай філалогіі (2011);

− славацкай філалогіі (2011);

− сербскай філалогіі (2014).

З 2006 г. на факультэце функцыянуюць кабінет-музей беларускай народнай культуры і Цэнтр турэцкай культуры.

З улікам патрэб вучэбнага працэсу лабараторыя беларускага фальклору была рэарганізавана з навуковай у вучэбна-навуковую, створаны Цэнтр інфармацыйных тэхналогій.

За апошнія гады тэхнічная база факультэта значна абнавілася: створаны кампутарныя класы, лекцыйныя аўдыторыі абсталяваны мультымедыйнымі праектарамі.