ГУРТОК ПЕРАКЛАДАЎ ТВОРАЎ КІТАЙСКАЙ ЛІТАРАТУРЫ НА БЕЛАРУСКУЮ МОВУ «ДЫЯЛОГ»

Гурток створаны ў 2015 годзе на базе кафедры кітайскай філалогіі.Кіраўнікамі з’яўляюцца выкладчык кітайскай мовы Холева Ганна Сяргееўна і Нечыпарук Дар’я Барысаўна. У гуртку 42 актыўных ўдзельніка, у тым ліку выкладчыкі кітайскай мовы і літаратуры, студэнты і аспіранты, а таксама аматары кітайскай літаратуры. Мэта стварэння гуртка: пашырэнне беларуска-кітайскага літаратурнага супрацоўніцтва, павышэнне прэстыжу беларускай мовы,пераклады кітайскай паэзіі і прозы, сумеснае вырашэнне складаныя момантаў, з якімі сутыкаюцца перакладчыкі ў працэсе моўнай трансфармацыі.

Нашымі ўдзельнікамі былі перакладзены вершы сучасных кітайскіх паэтаў Сюй Чжымо, Дай Ваншу, Вэнь Ідо. Частка перакладзеных вершаў Сюй Чжымо была надрукавана ў 12 нумары часопіса «Маладосць». Каля 30 перакладзеных твораў з кітайскай мовы на беларускую.

11 студзеня 2016 г. у выдавецкім доме «Звязда» адбылася прэзентацыя праекта «Кітайскі сшытак» снежаньскага нумара часопіса «Маладосць».Удзельнікі прэзентацыі: супрацоўнікі і навучэнцы філалагічнага факультэта БДУ: Хмяльніцкі М.М. – загадчык кафедры кітайскай філалогіі, Нечыпарук Д.Б., Холева Г.С. – выкладчыкі кафедры кітайскай філалогіі і кіраўнікі гуртка «Дыялог», аспірант Жукавец В.В., перакладчыкі вершаў, якія былі надрукаваны ў нумары. На прэзентацыі перакладчыкі (навучэнцы спецыяльнасці «Усходняя (кітайская) філалогія»)  падзяліліся ўражаннямі аб працы над перакладамі твораў кітайскага паэта Сюй Чжымо, якія былі надрукаваныя ў снежаньскім нумары часопіса «Маладосць». Пра дзейнасць гуртка «Дыялог» ёсць навіны ў газеце ЛІМ. Пра пераклады нашага гуртка ў сваім артыкуле адзначыў дырэктар, галоўны рэдактар Выдавецкага дома «Звязда» Алесь Карлюкевіч (зараз намеснік Міністра інфармацыі) у прадмове да зборніка перакладаў вершаў Лі Хэ адзначыў пераклады ўдзельнікаў гуртка з мовы арыгінала на беларускую.

21 красавіка 2016 г. кафедра кітайскай філалогіі філалагічнага факультэта праводзіла міжнародны круглы навуковы стол "Беларуска-кітайскі культурны і адукацыйны дыялог (IV)». У рамках мерапрыемства для ўдзелу ў Міжнароднай канферэнцыі быў запрошаны прафесар Пекінскага ўніверсітэта мовы і культуры Хуан Чжоюэ, які таксама з'яўляецца прадстаўніком Цэнтра па распаўсюджванню кітайскай культуры і перакладаў кітайскай літаратуры за мяжой. У рамках навуковага форума была праведзена сустрэча прадстаўнікоў гуртка «Дыялог» і прафесара Хуан Чжоюэ па пытаннях супрацоўніцтва ў галіне перакладаў твораў кітайскай літаратуры на беларускую мову.

 

 

КЛУБ «СТУДЭНЦКІ КРЭАТЫЎ»

Для тых, хто хоча разнастаіць сваю вучэбную дзейнасць, палепшыць узровень валодання англійскай мовай, а таксама бліжэй пазнаёміцца з культурай і традыцыямі англамоўных краін, на кафедры англійскага мовазнаўства ўвесь навучальны год праводзяцца тэматычныя паседжанні, прысвечаныя асноўным святам Велікабрытаніі, ЗША і Ірландыі. Гэта такія святы, як Хэлоўін (кастрычнік), Дзень Падзякі (лістапад), Каляды (снежань), Дзень Святога Валянціна (люты), Дзень Святога Патрыка (сакавік) і Вялікдзень (красавік).

Такія паседжанні праводзяцца раз у месяц, прыблізна ў тыя даты і дні, калі гэтыя святы адзначаюцца ў дадзеных англамоўных краінах. У гэтым навучальным годзе ўжо адбыліся паседжанні, прысвечаныя Хэлоўіну (31-га кастрычніка) і Дню Падзякі (24 лістапада). 

На такіх сустрэчах студэнты даведваюцца пра паходжанне і гісторыю гэтага свята. Знаёмяцца са знакамі, персанажамі кожнага свята, з ідэямі ўпрыгожвання дамоў, са стравамі, якія звычайна гатуюцца на гэтыя святы. Як правіла, для такіх паседжанняў выкладчык загадзя аб'яўляе «дрэс-код», і студэнты прыходзяць, апранутыя ў асноўныя колеры свята. Студэнты не толькі знаёмяцца з мноствам новых слоў і выразаў, звязаных з кожным святам, але і спяваюць песні, выконваюць крэатыўныя заданні, а часам нават спаборнічаюць у розных конкурсах, якія патрабуюць ад іх спрыту і кемлівасці. У канцы заняткаў студэнты ўжо шмат ведаюць пра кожнае свята, ведаюць легенды, звязаныя з яго персанажамі, і затым выказваюць сваё стаўленне да свята. 

Мэта такіх сустрэч, па-першае, прыўнесці «свята» і цікавасць у нашу навучальную дзейнасць, і, па-другое, дапамагчы студэнтам пашырыць свой кругагляд і развівацца рознабакова. Усе сустрэчы маюць свецкі характар і накіраваныя на развіццё ўсіх маўленчых навыкаў пры вывучэнні англійскай мовы - аўдыраванню, чытанню, пісьму і маўленню. 

Кіраўнік клуба — старшы выкладчык кафедры англійскага мовазнаўства Мар'яна Рыгораўна Груздзіловіч.

Студэнцкая навукова-даследчая лабараторыя (СНДЛ) «Фалькларыстыка»

Студэнцкая навукова-даследчая лабараторыя (СНДЛ) «Фалькларыстыка» была арганізавана ў 1998 г. кандыдатам філалагічных навук, дацэнтам кафедры тэорыі літаратуры, дацэнтам Р. М. Кавалёвай.

За гады работы СНДЛ «Фалькларыстыка» набыла статус рэспубліканскага арганізацыйнага цэнтра па ўдзелу студэнтаў у фалькларыстычных даследаваннях. Да супрацоўніцтва пастаянна запрашаюцца студэнты і спецыялісты розных факультэтаў  БДУ, БДУКМ, БДПУ, БДАМ і іншых вну рэспублікі, наладжваюцца творчыя сувязі са студэнтамі з Кітая, Туркменістана, Польшчы і іншых замежных краін.

У рамках СНДЛ выконваюцца розныя навуковыя тэмы: «Фальклор майго дзяцінства», «Мастацкая актуалізацыя інфернальнага ў фальклоры, літаратуры,  кінамастацтве», «Фальклор ва ўмовах дыялогу язычніцкай і хрысціянскай культур», «Інтэграцыйныя працэсы ў сучасным фальклоры і масавай літаратуры», «Тэрміналогія фалькларыстыкі ХХI стагоддзя» і інш. Удзельнікі СНДЛ прапануюць свае напрацоўкі ў межах інтэграцыйнай фалькларыстыкі: міфафалькларыстыкі, лінгвафалькларыстыкі, псіхафалькларыстыкі, эстафалькларыстыкі, міфапаэтыкі, этнафалькларыстыкі, соцыяфалькларыстыкі.

СНДЛ «Фалькларыстыка» неаднаразова станавілась пераможцам конкурсаў грантаў і конкурсаў СНДЛ  БДУ (2011, 2013, 2016 гг.). Студэнты-члены СНДЛ  маюць магчымасць удзельнічаць у міжнародных і рэспубліканскіх навуковых  канферэнцыях, публікаваць вынікі даследаванняў у розных навуковых выданнях. За актыўную навукова-даследчую работу удзельнікі СНДЛ атрымліваюць  рэкамендацыі для паступлення ў магістратуру і аспірантуру, а таксама грашовыя прэміі.

У рамках СНДЛ аформіўся і выдаецца электронны фальклорна-этнаграфічны  і літаратурна-мастацкі альманах фалькларыстаў БДУ «Дзьмухавец», які з’яўляецца ўнікальным па сваёй канцэпцыі і напаўненню (www.almanah-dzmuhavec.narod.ru). СНДЛ «Фалькларыстыка» ініцыіравала работу літаратурна-фальклорнай гасцінай  «Дзьмухаўца», «Клуба аматараў фантастыки» і дыскусійнага клуба «Cogito».

Дыскусійны клуб English Speaking Club

На кафедры англійскага мовазнаўства быў створаны дыскусійны клуб English Speaking Club для студэнтаў 5 курса. 

Клуб ставіць сваёй мэтай даць неабходную гутарковую практыку англійскай мовы, сумясціўшы яе таксама з практычнай моўнай карысцю – пашырэннем слоўнікавага запасу, развіццём агульнай пісьменнасці і камунікатыўных навыкаў. 

На пасяджэннях кіраўнік клуба дапамагае ўдзельнікам адпрацаваць новую лексіку па актуальных тэмах, палепшыць навыкі гутарковай мовы. 

Выкладчык заўсёды аб'яўляе тэму наступнай сустрэчы, каб удзельнікі пры жаданні маглі падрыхтавацца. Гэта могуць быць выпадкі і сітуацыі з жыцця, навіны, мастацтва, традыцыі, кухня, вядомыя мясцiны розных краін, кнігі і фільмы, бізнес, дзелавыя гульні і інш. На пасяджэннях вядучы ўмела кіруе дыскусіяй, накіроўваючы яе ў патрэбнае рэчышча з выкарыстаннем дадатковай інфармацыі, аўдыё, відэа і гульнявых матэрыялаў. 

Сустрэчы ў дыскусійным клубе дапамагаюць: 

• пераадолець моўны бар'ер 

• удасканалiць навыкі гутарковай мовы 

• пашырыць слоўнікавы запас 

• навучыцца весці дыскусіі на замежнай мове 

Дыскусійны клуб — гэта сумяшчэнне якасных заняткаў мовай з прыемным правядзеннем вольнага часу. Сустрэчы ў дыскусійным клубе дапамогуць Вам хутчэй дасягнуць пастаўленых мэтаў у вывучэнні мовы. 

Дыскусійны клуб — гэта: 

• эфектыўна 

• займальна 

• перспектыўна 

Кіраўнік клуба старшы выкладчык кафедры англiйскага мовазнаўства Лаўрэнцьеў Сяргей Рыгоравiч

МОЎНЫ КЛУБ "Speak out"

У 2015 годзе адбылося адкрыццё моўнага клуба "Speak out" на кафедры англiйскага мовазнаўства. Асноўнай мэтай клуба з'яўляецца стварэнне ўмоў для развіцця як лінгвістычнай, так i педагагічнай кампетэнтнасці студэнтаў. 

Работа клуба накіравана на павышэнне ўзроўню валодання англійскай мовай, метадычную падтрымку ў працэсе выкладання англійскай мовы ў ВНУ, далучэнне да дасягненняў англiйскай літаратуры і культуры, развіццё навуковага патэнцыялу выкладчыкаў і студэнтаў. 

Клуб "Speak out" ініцыiруе правядзенне адукацыйных і культурных мерапрыемстваў для студэнтаў факультэта і ўніверсітэта ў цэлым. 

На базе клуба праводзяцца круглыя сталы і семінары па актуальных пытаннях выкладання замежных моў у школе і ВНУ. Моўны клуб спрыяе знаёмству выкладчыкаў і студэнтаў з самымi новымi дасягненнямі ў галіне англiйскай філалогіі і культуры. 

Першае пасяджэнне клуба адбылося 22 снежня 2015 года і было прысвечана Калядным і навагоднім традыцыям у англамоўных краінах. Студэнты прынялі ўдзел у віктарынах, падрыхтавалі прэзентацыі і акунуліся ў свет асаблівай моўнай атмасферы. 

Наш клуб адкрыты для любых ініцыятыў і прапаноў. Тут кожны ўдзельнік можа праявіць сябе і раскрыць свой творчы патэнцыял. 

Кіраўнік клуба — старшы выкладчык кафедры англiйскага мовазнаўства Лежанкова Юлiя Мiхайлаўна.

Гурток “Альтанка”

Студэнцкі літаратурны гурток “Альтанка” быў утворана у 2008 г і аб’яднаў маладыя паэтычныя таленты факультэта ( А. Ючкавіч, М. Паўлоўская, М.Буйко і інш. ). Кіраўніком літаратурнага гуртка з’яўляецца паэтэса, дацэнт кафедры гісторыі беларускай літаратуры Багдановіч Ірына Эрнстаўна. Асноўная мэта гуртка – шукаць, падтрымліваць і ствараць магчымасці для развіцця паэтычных талентаў.  У “Альтанцы” царуе дух творчасці, падтрымкі і высокай пашаны да Слова. Тут жыва адчуваецца повязь з класікай – з традыцыямі Францыска Скарыны, Адама Міцкевіча, Францішка Багушэвіча, Янкі Купалы, Уладзіміра Караткевіча. Студэнты шукаюць новыя, сугучныя сучаснасці, магчымасці паэтычнага слова. Кожны месяц члены гуртка збіраюцца на кафедры і абмяркоўваюць вершы, паэмы і г.д. Студэнты атрымоўваюць прафесійныя кансультацыі па культуры творчасці, архітэктоніцы і вобразнасці паэтычных твораў. Лепшыя творы адбіраюцца для чытання і друку. Удзельнікі літаратурнага гуртка “Альтанка” выступаюць на Першым нацыянальным канале беларускага радыё, у Мінскай гарадской бібліятэцы №20, на філалагічным факультэце. 

Клуб «Багатая палітра свету моў»

У 2014 годзе кафедрай англійскага мовазнаўства створаны клуб «Багатая палітра свету моў". Першае пасяджэнне клуба адбылося 28 кастрычніка 2014 года і было прысвечана 75-годдзю філалагічнага факультэта.

У снежні 2015 года студэнты, якія вывучаюць родную і замежную мовы на філалагічным факультэце, стажоры, якія прыехалі ва ўніверсітэт з мэтай вывучэння рускай мовы ў межах Пагадненняў паміж Міністэрствамі адукацый розных краін і Дагавораў аб супрацоўніцтве паміж універсітэтамі, зноў сабраліся разам, каб распавесці аб калядных і навагодніх традыцыях у сваіх краінах.

У нашым клубе гучаць больш за 15 моў свету: беларуская, украінская, руская, польская, славацкая, сербская, англійская, нямецкая, італьянская, французская, албанская, грэчаская, карэйская, туркменская, кітайская, японская.

Клуб «Багатая палітра свету моў» — гэта творчы клуб, у якім кожны ўдзельнік можа праявіць сябе: студэнты рыхтуюць прэзентацыі, насценгазеты, спяваюць песні, танчаць нацыянальныя танцы, гатуюць стравы нацыянальнай кухні, удзельнічаюць у віктарынах, а самае галоўнае, маюць зносіны, пашыраюць кругагляд , знаходзяцца ў асаблівай моўнай атмасферы.

Клуб «Багатая палітра свету моў»  сапраўднае свята зносін, дружбы, свята адзінства моў, культур і краін.

Кіраўніком клуба з'яўляецца выкладчык кафедры англійскага мовазнаўства Багінская Вольга Алегаўна.

Гурток “Школа маладога аўтара”

Пры кафедры рускай літаратуры працуе навуковы сдудэнцкі літаратурны гурток “Школа маладога аўтара”, якім кіруе выкладчык А.А. Шавель.  Гурток наведвае 16 студэнтаў.

Асноўныя навуковыя вынікі працы гуртка:

1. Майстар-клас па акцёрскаму майстэрству ў мэтах навучання маладых аўтараў мастацтву дэкламацыі ўласных твораў.

2. Навучанне цэласнаму аналізу мастацкіх твораў.

3. Навучанне навукова-дзелавому этыкету.

4. Падрыхтоўка да правядзення каляднага паэтычнага вечара. 

Педагагічны insight

Аўдыторыя: студэнты 1 - 5 курсаў спецыяльнасці "Рамана-германская (англійская) філалогія»

Задачы:

  •  засваенне новага зместу, тэхналогій і метадаў педагагічнай дзейнасці;
  •  вывучэнне прагрэсіўнага педагагічнага вопыту;
  •  забеспячэнне прафесійнага, культурнага, творчага росту будучых педагогаў.

Формы і метады працы:

  •  круглыя і дыскусійныя сталы, адкрытыя ўрокі;
  •  педагагічныя рынгі, аўкцыёны педагагічных ідэй;
  •  педагагічныя эксперыменты па праблемах методыкі навучання і выхавання навучэнцаў;
  •  дзелавыя і ролевыя гульні, трэнінгі дзейнасці, мадэляванне, кейс-метад.

Кіраўнік гуртка — старшы выкладчык кафедры англійскага мовазнаўства БУРДЫКА ПАЛІНА ВАЛЕР'ЕЎНА

Гурток "Роднае слова"

Гурток “Роднае слова” – гэта прыдатная форма арганізацыі навукова-даследчай работы студэнтаў (да 2015 года – 1-2 курсаў, зараз прыцягваюцца да работы жадаючыя студэнты ўсіх курсаў) філалагічнага факультэта,  якiя маюць намер займацца навукова-даследчай працай у галiне мовазнаўства ўжо з першых дзён навучання на факультэце.  Заняткі маюць на мэце, па-першае, паглыбiць  лiнгвiстычныя веды студэнтаў пра сучасныя тэндэнцыi ў вывучэннi мовы, пазнаёміць іх з сусветнымі і айчыннымі дасягненнямі філалагічнай навукі, па-другое, удасканалiць або прывiць уменнi i навыкi вядзення навукова-даследчай работы i напiсання навуковых прац па актуальнай праблематыцы сучаснага мовазнаўства.

Праца ў гуртку “Роднае слова” скіравана не толькі на тое, каб задаволіць запатрабаванні студэнтаў у лінгвістычных ведах і забяспечыць засваенне імі пэўных моўных законаў, сфарміраваць  у іх высокую моўную культуру, павагу і цікавасць да роднага слова, духоўнай спадчыны сваіх продкаў, традыцый айчыннага і сусветнага мовазнаўства, але і атрымаць рэальны вопыт вядзення навукова-даследчай работы, перадусім праз выкананне ўласных навукова-даследчых прац і іх апрабацыю праз выступленні на навуковых канферэнцыях і публікацыю ў навукова-метадычных выданнях.

Паколькі традыцыйна, планава да навукова-даследчай дзейнасці студэнты-філолагі да 2014 года прыцягваліся толькі з 3 курса праз удзел у навуковых спецыяльных семінарах і напісанне курсавых і дыпломных работ, гурток “Роднае слова” быў скіраваны на працу са студэнтамі 1-2 курсаў, для якіх гэта была ўнікальная магчымасць паспрабаваць свае сілы і зрабіць свае першыя крокі ў навуку пад пільным кіраўніцтвам выкладчыка-спецыяліста, рэалізаваць свой творчы патэнцыял праз удзел у канферэнцыях і іншых цікавых мерапрыемствах, а таксама пры адпаведным старанні – апублікаваць вынікі сваіх навуковых намаганняў у адкрытым друку ўжо на першым-другім курсах. Няхай студэнты-малодшакурснікі не заўжды могуць пакуль прымаць удзел у сур’ёзных міжнародных і рэспубліканскіх конкурсах навуковых студэнцкіх работ, але яны актыўна ўключаюцца ў працу студэнцкіх, рэспубліканскіх і нават некаторых міжнародных канферэнцый (падчас у сааўтарстве з кіраўніком), з цікавымі паведамленнямі і ўласнымі навуковымі назіраннямі выступаюць перад сваім калегамі-студэнтамі на занятках па курсе “Сучасная беларуская мова”, прымаюць актыўны ўдзел у жыцці факультэта, а ў далейшым – многія з іх працягваюць актыўна займацца навукай ужо у спецсемінарах, працягваюць навучанне ў магістратуры і аспірантуры.

У перыяд з 2003 па 2016 год уключна у працы гуртка “Роднае слова” прынялі ўдзел больш за 150 студэнтаў. За гэты час удзельнікамі  гуртка падрыхтавана і апублікавана  каля 70 студэнцкіх навуковых работ, як у айчынных, так і замежных выданнях; падрыхтавана 95 студэнцкіх навуковых дакладаў, прадстаўленых на студэнцкіх, рэспубліканскіх і міжнародных канферэнцыях.

Яшчэ адзін напрамак дзейнасці гуртка “Роднае слова” – папулярызацыя беларускай мовы сярод моладзі праз правядзенне адпаведнага зместу мерапрыемстваў, конкурсаў, гульняў, творчых сустрэч і інш.

Кіраўнік гуртка (з 1 верасня 2003 года па сённяшні дзень): Садоўская Анжаліка Леанідаўна – дацэнт кафедры сучаснай беларускай мовы філалагічнага факультэта БДУ, кандыдат філалагічных навук, дацэнт.