Пра выбар прафесіі і пра паэзію

У рамках прафарыентацыйнай працы кафедры гісторыі беларускай літаратуры 2 сакавіка адбылася сустрэча прафесара Алеся Іванавіча Бельскага са старшакласнікамі сярэдняй школы № 148 г. Мінска, падчас якой ён распавёў пра гісторыю факультэта і азнаёміў навучэнцаў са спецыяльнасцямі, на якія можна паступаць у новым навучальным годзе. Аўдыторыяй з цікавасцю была ўспрынята лекцыя вучонага і педагога па сучаснай беларускай паэзіі. І гэта далёка не першае мерапрыемства, праведзенае кафедрай.

Трэба адзначыць, што адным з важных прыярытэтаў дзейнасці філалагічнага факультэта з’яўляецца прафарыентацыйная праца. Кафедра гісторыі беларускай літаратуры надае гэтаму кірунку належную і неаслабную ўвагу. На кафедры вядзецца планамерная работа з настаўнікамі і школьнікамі. У канцы мінулага года былі арганізаваны два выступленні ў Мінскім гарадскім інстытуце развіцця адукацыі (МГІРА), да таго ж прафесар А. І. Бельскі прачытаў настаўнікам лекцыі па сучаснай беларускай літаратуры. Выпускнікам шэрагу школ прапаноўваўся прагляд прэзентацый, раздаваліся рэкламныя буклеты аб факультэце, былі дадзены кансультацыі па напісанні навукова-даследчых работ і інш. Дзейсную дапамогу кафедры ў правядзенні прафарыентацыі аказалі метадыст МГІРА В. Л. Душэўская, настаўнік-метадыст М. І. Навумчык, настаўнікі вышэйшай катэгорыі І. В. Мелюх, Н. Ф. Рыкун, А. Г. Грыгаровіч і інш. Сярод іх — былыя выпускнікі нашага факультэта.