Фестываль факультэтаў

26 сакавіка адбыўся штогадовы Фестываль Факультэтаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Месцам правядзення мерапрыемства па традыцыі стаў Ліцэй БДУ. Кожны факультэт імкнуўся зацікавіць абітурыентаў і паказаць галоўную ВНУ краіны вачамі студэнтаў.
Ва ўтульным унутраным дворыку Ліцэя абітурыентаў сустракалі студэнты першага курса, каб распавесці падрабязную інфармацыю пра вучэбную дзейнасць, спецыяльнасці, маладзёжныя арганізацыі, а таксама адказаць на ўсе пытанні, якія цікавяць будучых студэнтаў. Частавалі гасцей чаем у “фірмовых” кубачках самага шматмоўнага факультэта і смачным печывам. Кожны, хто марыць паступіць на наш факультэт, артымаў пажаданне-талісман ад абітурыентаў 2015 года. Студэнцкая Прэс-служба філалагічнага факультэта да дня адчыненых дзвярэй падрыхтавала спецыяльны выпуск газеты “Слова”, дзе знакамітыя выпускнікі, студэнты, выкладчыкі і дэкан філалагічнага факультэта прафесар Роўда Іван Сямёнавіч далі парады абітурыентам гэтага года.
Выпадкова наткнуліся на капялюшніка з “Алісы ў краіне цудаў”? Сустрэлі і саму Алісу? Гэта філфак! На нашым факультэце вы акуняцеся з галавой у свет літаратуры. Студэнты пераўвасобіліся ў вядомых усім літаратурных персанажаў той краіны, мову якой яны вывучаюць. Можна было сустрэць і традыцыйных адмоўных герояў рускіх казак: славянская філалогія стварыла вобразы Здыхліка Бессмяротнага і Бабы-Ягі, якія адразу спадабаліся дзецям. Упершыню на фестывалі з’явіліся мерапрыемствы для навучэнцаў пачатковых класаў. Першакурсніцы нямецкай філалогіі ў адно імгненне ператварыліся ў галоўных герояў “Беласнежкі і сямі гномаў” і нават разыгралі невялічкія сцэны з твора. Казачныя персанажы паказвалі шлях да пляцоўкі філалагічнага факультэта і рабілі фотаздымкі на памяць.
Колькі ж філалогій на філфаку? Навучэнцы розных курсаў і спецыяльнасцей прапанавалі гледачу палічыць іх, калі чыталі на сцэне Ліцэя БДУ “Слова пра паход Ігара” на 14-ці мовах!