Прафарыентацыя сярод адораных навучэнцаў

З 22 па 24 лютага на базе Магілёўскага абласнога інстытута развіцця адукацыі адбыўся Рэспубліканскі конкурс работ даследчага характару (канферэнцыя) навучэнцаў па вучэбных прадметах «Беларуская мова» і «Беларуская літаратура». У творчым спаборніцтве бралі ўдзел 42 удзельнікі. Журы ў секцыі «Літаратуразнаўства» ўзначаліў загадчык кафедры гісторыі беларускай літаратуры доктар філалагічных навук, прафесар Алесь Іванавіч Бельскі. У межах конкурсу ён правёў прафарыентацыю з адоранымі і матываванымі навучэнцамі. Прафесар А. І. Бельскі раздаў удзельнікам і кіраўнікам каманд буклеты і спецвыпуск газеты «Універсітэт» для абітурыентаў, мультымедыйныя і інфармацыйныя матэрыялы. Уручаючы дыпломы першай ступені ў намінацыях «Літаратуразнаўства» і «Лінгвістыка», ён запрашаў пераможцаў паступаць у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. У бліжэйшы час 18 пераможцаў атрымаюць віншавальныя лісты ад дэканата філалагічнага факультэта.

Філалагічны факультэт будзе рады бачыць сярод абітурыентаў пераможцаў конкурсу, а таксама іншых адораных і творчых навучэнцаў.