ШКОЛА ЮНАГА ФІЛОЛАГА 2.0

3 студзеня 2020 г. у 11.00 (аўд. 304) на філалагічным факультэце БДУ адбудзецца адкрыццё абноўленай Школы юнага філолага, у межах якой будуць прадстаўлены наступныя напрамкі: лаціністыка, італьяністыка, лінгвістыка, літаратуразнаўства і фалькларыстыка, русістыка, кітаістыка.

Мэтай арганізацыі Школы юнага філолага з’яўляецца папулярызацыя прафесійных філалагічных (лінгвістычных, літаратуразнаўчых, фалькларыстычных) ведаў сярод навучэнцаў устаноў сістэмы сярэдняй адукацыі.

Дзейнасць школы накіравана на фарміраванне разумення школьнікамі прынцыпаў арганізацыі натуральных моў як сродка камунікацыі і мысленчай дзейнасці; пашырэнне ведаў у галіне гісторыі літаратурнага працэсу ў Беларусі і за мяжой, а таксама тэорыі літаратуры; развіццё лагічнага мыслення навучэнцаў, агульнакультурнай эрудыцыі, умення вырашаць нестандартныя задачы.

Слухачамі Школы могуць стаць навучэнцы ўстаноў сістэмы сярэдняй адукацыі Рэспублікі Беларусь. Падставай для праходжання навучання ў Школе з’яўляецца заява навучэнца. Заявы могуць падаваць самі навучэнцы як прыватныя асобы, не звязаныя з канкрэтнай установай адукацыі, або афіцыйныя прадстаўнікі ўстаноў адукацыі – педагогі, адміністрацыя. Удзел у працы Школы ажыццяўляецца як на бясплатнай, так і на камерцыйнай аснове ў залежнасці ад тыпу мерапрыемства.

Школа ажыццяўляе працу на працягу вучэбнага года. Заняткі праводзяцца з рознай частатой – ад некалькіх разоў на тыдзень да аднаго разу на месяц. Мерапрыемствы, якія праводзяцца ў межах працы Школы, з’яўляюцца як рэгулярнымі, так і аднаразовымі (у дадзеным навучальным годзе). Заняткі праводзяць выкладчыкі, маладыя навукоўцы, аспіранты філалагічнага факультэта БДУ. Месца правядзення – філалагічны факультэт БДУ (Мінск, вул. Карла Маркса, 31).