Прафарыентацыя ў межах рэспубліканскага конкурсу

З 28 лютага па 1 сакавіка 2020 года адбыўся ІХ Рэспубліканскі конкурс работ даследчага характару (канферэнцыя) вучняў па вучэбных прадметах «Беларуская мова» і «Беларуская літаратура». Мерапрыемства пад эгідай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь у чарговы раз прайшло на базе УА «Магілёўскі абласны інстытут развіцця адукацыі». У інтэлектуальна-творчым конкурсе прынялі ўдзел 42 навучэнцы з усіх рэгіёнаў Беларусі і г. Мінска, 18 з іх па выніках працы секцый адзначаны дыпломамі І, ІІ, ІІІ ступеняў.

Старшынёй журы секцыі «Літаратуразнаўства» быў загадчык кафедры гісторыі беларускай літаратуры доктар філалагічных навук, прафесар Алесь Іванавіч Бельскі. Усе вучні падрыхтавалі грунтоўныя даследчыя работы па абраных навуковых тэмах, прадэманстравалі ўпэўненае валоданне матэрыялам, сваю індывідуальную крэатыўнасць і творчыя здольнасці.

Выступаючы на закрыцці конкурсу, А. І. Бельскі звярнуўся да гісторыі БДУ, адзначыў, што філалагічны факультэт ганарыцца тым, што яго скончылі народныя паэты і пісьменнікі Беларусі Пятрусь Броўка, Кандрат Крапіва, Іван Мележ, Іван Навуменка, Іван Чыгрынаў, Ніл Гілевіч, Рыгор Барадулін, многія вядомыя навукоўцы-філолагі, акадэмікі, дактары і кандыдаты навук. Далей ён сказаў пра ролю і значэнне філалагічнай навукі і адукацыі на сучасным этапе, пра філалагічны факультэт БДУ як вядучы інавацыйны цэнтр падрыхтоўкі спецыялістаў.

З мэтай прафарыентацыі прафесар А. І. Бельскі раздаў удзельнікам конкурсу буклеты і спецвыпуск газеты «Універсітэт» для абітурыентаў, мультымедыйныя інфармацыйныя матэрыялы. Уручаючы дыпломы, ён запрашаў пераможцаў і ўдзельнікаў паступаць на філфак БДУ. Адбылося фатаграфаванне і гутаркі з кіраўнікамі каманд. 18 пераможцам рэспубліканскага конкурсу будуць накіраваны віншавальныя лісты за подпісам дэкана філфака БДУ. Філалагічны факультэт рады вітаць і бачыць сярод абітурыентаў пераможцаў конкурсу, усіх адораных і творчых навучэнцаў.

IMG 0092

IMG 0120

IMG 0181

IMG 0185

IMG 0193