Традыцыйная перадвелікодная выстава

На філалагічным факультэце БДУ, у кабінеце - музеі беларускай культуры  працуе традыцыйная  перадвелікодная выстава. На выставе прадстаўлена духоўная літаратура, абразы, велікодныя яйкі, выкананыя у розных тэхніках, святочныя велікодныя паштоўкі. Галоўная экспазіцыя выставы - работы беларускага майстра Казіміра Карпенка: панагіі і пацеркі.Самыя зацікаўленыя наведвальнікі выставы- студэнты нашага факультэта!

 

Вечар беларускіх часопісаў "Маладосці" і "Нёмана" на філфаку

11 мая 2016 г. на філалагічны факультэт завіталі прадстаўнікі рэдакцый адразу двух беларускіх часопісаў - "Маладосці" і "Нёмана". Ва ўтульнай медыятэцы філфака былі прэзентаваны чацвёртыя нумары выданняў, прычым у чытачоў была магчымасць напрамую пастасавацца з аўтарамі - В.Жыбулем, А. Зэкавым, А. Варатніковай, П. Касцюкевічам. Парадавалі аўдыторыю сваімі выступленнямі паэтка Кацярына Массэ і бард Ганна Чумакова, якая даўно з'яўляецца шчырым сябрам філфака. Вечар у цёплай кампаніі працягнуўся літаратурнымі гульнямі.

View the embedded image gallery online at:
http://philology.bsu.by/by/news/culture#sigProId765ed9aaa6

Музычны вечар

5 красавіка ў медыятэцы аддзела абслугоўвання філалагічнага і эканамічнага факультэтаў Фундаментальнай бібліятэкі прайшоў музычны вечар. Вось ужо некалькі гадоў запар спявак і кампазітар Сяргей Антонаў і выкладчык кафедры нямецкага мовазнаўства Дзмітрый Каралёў выступаюць перад аматарамі музыкі ў бібліятэцы. У гэтым годзе вырашылі праводзіць вечар у вялікай зале: выканаўцам вельмі спадабалася акустыка. Тыя, хто хоць раз быў на такіх вечарах, абавязкова прыходзяць зноў, каб паслухаць «жывую» музыку, выкананую ад душы. Кожны раз спевакі рыхтуюць новую праграму: развучваюць новыя песні, складаюць музыку. Разам з вядомымі песнямі Дзмітрый Каралёў і Сяргей Антонаў выконваюць і эксклюзіўныя нумары. На вечары гучалі народныя песні, балады, рамансы на рускай, беларускай, іспанскай, англійскай, нямецкай мовах.  Многія госці падыходзілі да музыкаў і дзякавалі за цудоўна праведзены час.

Да мерапрыемства супрацоўнікі бібліятэкі падрыхтавалі кніжную выставу пад назвай «Саюз чароўных гукаў, пачуццяў і дум», дзе можна было азнаёміцца з кнігамі, пра ролю музыкі ў жыцці знакамітых пісьменнікаў, а таксама з мастацкімі творамі, галоўнымі героямі якіх з'яўляецца музыка і музыкі.

View the embedded image gallery online at:
http://philology.bsu.by/by/news/culture#sigProId9deb021564

Паэтычна-музычная імпрэза «Чатыры пары года»

…раз на чатыры гады выпадае асаблівы дзень, калі гадавое кола можа зрабіць дадатковы абарот. І тады ўсе сезоны сустракаюцца – на сяброўскую сустрэчу.
Мінскі тэатр паэзіі запрашае Вас на паэтычна-музычную імпрэзу «Чатыры пары года». Чатыры непаўторныя аўтарскія індывідуальнасці, чатыры таленавітыя маладыя паэтэсы – Людміла Клачко, Маргарыта Латышкевіч, Ганна Мартынчык і Кацярына Массэ ­– утвораць цэласнае тэатралізаванае відовішча, натхнёнае і насычанае эмоцыямі.
Кожны верш – перажыванне. Кожны паэт – актор, які бясконца змяняе абліччы і бясконца грае, прычым кожны раз – самога сябе.
Завітайце, каб дакрануцца душой да стыхіі верша, каб зрабіцца сутворцам, каб далучыцца да чараў гэтага асаблівага дня.
Імпрэза адбудзецца 29 лютага 2016 года ў Цэнтральнай бібліятэцы імя Янкі Купалы (вул. В.Харужай, 16), пачатак – у 17.30.

Уваход вольны.

Кніжная выстава, прысвечаная 500-годдзю беларускага і усходнеславянскага кнігадрукавання

16 лютага 2017 года на філалагічным факультэце БДУ, у кабінеце-музеі беларускай народнай культуры адбылося адкрыццё кніжнай выставы, прысвечанай 500-годдзю беларускага і усходнеславянскага кнігадрукавання.
Выставу адкрыла старшыня  Савета ГА "Саюз жанчын БДУ", прафесар кафедры тэорыі літаратуры, доктар філалагічных навук І.В. Казакова. Экскурсію па выставе правяла лабарант-экскурсавод кабінета-музея Г.В.Лахоўская.
Госці выставы ўбачылі цікавыя кнігі, прысвечаныя Ф.Скарыне і яго эпохе, змаглі дакрануцца да скарынавай Бібліі, пазнаёміцца з манаграфіямі і вучэбнымі дапаможнікамі, якія распавядаюць пра жыццё і дзейнасць знакамітага сына зямлі беларускай.

View the embedded image gallery online at:
http://philology.bsu.by/by/news/culture#sigProId72e5509c9d

Першы выпуск "Маладосці" ў 2016г.

Першая “Маладосць” у 2016 годзе прынясе асалоду, калі вы проста возьмеце яе ў рукі. Бо цяпер яна на бялюткай і гладкай мелаванай паперы! Што ні кажыце, а стылёвы выгляд не менш важны за якасны змест. Нарэшце “Маладосць” сумяшчае ў сабе гэтыя рэчы.
Якасны змест гэтым разам забяспечылі: паэзія Мікіты Найдзёнава, Алеся Бараноўскага, Вікторыі Смолкі, Міколы Мятліцкага; проза Веранікі Ляўчук, айца Яўстафія, Наталлі Канстанцінавай, Андрэя З-і і іншых; пераклады твораў нямецкага пісьменніка Томаса Гнілкі і эквадорскага паэта Эдвіна Мадрыда. Багаты нумар на гістарычныя матэрыялы: тут і рэпартаж з раскопак на месцы Лаўрышаўскага манастыра, расповеды пра старую мінскую электрастанцыю ды пра першую муніцыпальную бальніцу ў Гродне, а таксама артыкул пра тое, як палявала ў Белавежскай пушчы германская армія падчас Першай сусветнай вайны. Значную порцыю цікавостак вы знойдзеце ў дзённіку вандроўніка па Камчатцы Віктара Кошаля, артыкуле Людкі Сільновай пра таямнічага Зьніча і ўспамінах Генадзя Шэршаня пра ваеннае дзяцінства…
Чытайце “Маладосць” і не сумуйце: вясна не за гарамі!

Міжнародны фестываль культур “Беларусь вітае сяброў!”

29 лістапада 2016 года ў БДУ з вялікім поспехам прайшоў Міжнародны фестываль культур “Беларусь вітае сяброў”, ініцыяваны ГА “Саюз жанчын БДУ”.

У фестывалі прынялі актыўны ўдзел студэнты, магістранты і стажоры філалагічнага факультэта БДУ. Лаўрэатамі фестывалю сталі фальклорна-этнаграфічны ансамбль “Багач” (маст. кір. прафесар кафедры тэорыі літаратуры І.В. Казакова), аспірант кафедры тэорыі літаратуры з КНР Чжан Хуншань, магістрантка кафедры ўсходняй філалогіі Зінаіда Расаева, арт-група студэнтаў з Туркменістана (маст. кір. старшы выкладчык кафедры англійскага мовазнаўства М.Р. Груздзіловіч), студэнты і стажоры з КНР пад кіраўніцтвам старшага выкладчыка кафедры прыкладной лінгвістыкі С.М. Нагорнай. У афармленні стэнда Туркменістана актыўны ўдзел узялі студэнты пад кіраўніцтвам дацэнта кафедры класічнай філалогіі В.Г. Пракапчук. Мерапрыемства атрымала шырокае асвятленне ў СМІ.

Віншуем усіх лаўрэатаў і ўдзельнікаў!!!

View the embedded image gallery online at:
http://philology.bsu.by/by/news/culture#sigProId51659f3db7

Лекцыя “СУЧАСНАЯ ЛІТАРАТУРА І НАЦЫЯНАЛЬНАЯ ІДЭНТЫЧНАСЦЬ”

16 снежня на філалагічным факультэце адбылася сустрэча з Саветнікам па супрацоўніцтву і культуры амбасады Францыі ў Беларусі Эльзай ПІНЁЛЬ і са-дырэктарам Франка-беларускага цэнтра еўрапейскіх даследаванняў Ксаўе ЛЁ ТАРЫВЕЛЕКАМ. Сустрэча была арганізавана кафедрай замежнай літаратуры і асабіста старшым выкладчыкам кафедры Аленай Аляксандраўнай Клімовіч. Увазе выкладчыкаў і студэнтаў была прапанавана лекцыя “СУЧАСНАЯ ЛІТАРАТУРА І НАЦЫЯНАЛЬНАЯ ІДЭНТЫЧНАСЦЬ”, у межах якой разглядалася рэпрэзентацыя нацыянальнай ідэнтычнасці ў французскай літаратуры. Вялікую цікавасць выклікаў аналіз праблемы ідэнтычнасці ў сучаснай сацыякультурнай сітуацыі.

Танцавальнае свята “Танец – універсальная мова культуры”

10 лістапада вучэбна-навуковая лабараторыя беларускага фальклору і аддзел абслугоўвання філалагічнага і эканамічнага факультэтаў фундаментальнай бібліятэкі БДУ пры падтрымцы кафедры прыкладной лінгвістыкі ладзілі танцавальнае свята «Танец – універсальная мова культуры». Арганізатары мерапрыемства, мэтай якога было знаёмства з беларускай танцавальнай традыцыяй, арыентаваліся, у першую чаргу, на замежных студэнтаў. Для гасцей і ўдзельнікаў свята заг. ААФЛіЭФ Ж.С.Карповіч падрыхтавала і прадставіла тэматычную выставу выданняў з фондаў бібліятэкі. Аспірантка Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Н.Л.Канабеева выступіла з паведамленнем «Танец і візуальныя формы мастацтва», у якім расказала і паказала спосабы адлюстравання элементаў народнага танца ў мультыплікацыі. Сваі любімыя нацыянальныя танцы прадставіла вядучы бібліятэкар ААФЛіЭФ І.У.Васючэнка. Кульмінацыяй свята стаў майстар-клас па традыцыйных побытавых танцах і этнафоніі рэгіёнаў Беларусі ад студэнтаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў.

View the embedded image gallery online at:
http://philology.bsu.by/by/news/culture#sigProIdbadf161d0c

 

11 нумар "Маладосці"

Узяўшы ў рукі лістападаўскую “Маладосць”, вы, магчыма, разгубіцеся, таму што выглядае часопіс цяпер зусім па-іншаму! Спадзяёмся, змены Вам спадабаюцца!
 
Новы дызайн – не адзіная падстава звярнуць увагу на 11-ю “Маладосць”. Пачнём з таго, што частка нумара прысвечана нашаму літаратурнаму волату – Уладзіміру Караткевічу, якому 26 лістапада споўнілася б 85 год. “Маладосць” падрыхтавала цэлы праект пад назвай “Караткевіч forever”, які змяшчае сур’ёзныя і змястоўныя матэрыялы.
У традыцыйнай апытанцы сябры “Маладосці” творча віншуюць Святлану Алексіевіч з атрыманнем Нобелеўскай прэміі.
Паэзія лістападаўскай “Маладосці” – вершы Зміцера Крэса, Стасі Кацюргіной і Васіля Макарэвіча. У прозе – апавяданні Касі Глухоўскай, Андрэя Сідарэйкі, Галіны Пярун, Настассі Нарэйка, а таксама празаічная падборка Казіміра Камейшы “Паміж кубкам і вуснамі”.
У перакладах – Эдгар Алан По, класік літаратурных жахаў. Рубрыку дапаўняе змястоўнае інтэрв’ю з Андрэем Хадановічам пра праблему перакладаў літаратурных твораў на беларускую мову.
У “ГістФакце” чытайце пра Канстанцыю Скірмунт і Юзэфу Кужанецкую, удзельніц жаночага руху на Беларусі. У “Выбітных” – інтэрв’ю з Андрэем Лугіным, лідарам хрысціянскага музычнага гурта Laudans.
Як заўжды, напрыканцы “Маладосць” кажа: “З Богам!” На гэты раз у самай адухоўленай рубрыцы – апавяданне Уладзіміра Мажылоўскага “Першая перамога Самуіла Пятроўскага” і чарговы артыкул Іераманаха Агапія.
Прыемнага чытання!

Святочны канцэрт, прысвечаны Міжнароднаму жаночаму дню

2 сакавіка ў медыятэцы аддзела абслугоўвання філалагічнага і эканамічнага факультэтаў Фундаментальнай бібліятэкі БДУ, адбыўся святочны канцэрт прысвечаны Міжнароднаму жаночаму дню.
У канцэрце прыняў удзел вакальна-музычны дуэт: выкладчык кафедры нямецкага мовазнаўства філалагічнага факультэта БДУ Дзмітрый Каралёў і спявак Сяргей Антонаў. Яны выканалі песні прысвечаныя жанчынам на рускай, беларускай, французскай  і нямецкай мовах.
Да мерапрыемства была падрыхтавана кніжная выстава  «Каханых жанчынімёны:вобраз жанчыныў літаратуры».