Міжнародны фестываль з элементамі навуковай школы «Жывая Азбука: руская дзіцячая літаратура ў славянскіх краінах»

6—9 кастрычніка 2017 г. у Сталічнай бібліятэцы Сафіі адбыўся Міжнародны фестываль з элементамі навуковай школы «Жывая Азбука: руская дзіцячая літаратура ў славянскіх краінах». У арганізацыйную групу фестывалю ўваходзіла дацэнт кафедры рускай літаратуры БДУ Ульяна Юр’еўна Верына. Прадстаўляем яе водгук аб мерапрыемстве.

Праграма была насычанай і размаітай, адрасаванай як дзецям, так і дарослым. У рамках «дзіцячай» часткі фестывалю адбыўся конкурс эсэ, ілюстрацый і буктрэйлераў, майстар-класы, гульні, сустрэчы з дзіцячымі паэтамі і перакладчыкамі Міхаілам Ясновым і Віктарам Самуілавым. Дзеці з цікавасцю слухалі паведамленні пра даўнейшыя азбукі, знаёміліся з гарадамі Расіі, прыродай Беларусі, Веткаўскай буквіцай, а для рускага і балгарскага паэтаў падрыхтавалі пацешныя сцэнкі.

«Дарослая», навуковая частка таксама адрознівалася разнастайнасцю. Былі прадстаўлены даклады дацэнта Сафійскага ўніверсітэта імя св. Клімента Охрыдскага Галіны Петкавай, прафесара УрДПУ Ніны Баркоўскай, дацэнта УрДПУ Вольгі Багдасаран, выкладчыка Ўніверсітэта свв. Кірылы і Мяфодзія г. Трнава (Славакія) Мар'яны Фігедыавай, дацэнта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Ульяны Верынай. У дакладах казалася аб праблемах выкладання рускай мовы і літаратуры ў розных краінах, сучасных тэндэнцыях у літаратуры для дзяцей і падлеткаў. Абмеркаванне паказала, што ёсць праблемы, агульныя для Расіі, Беларусі, Балгарыі, Славакіі: гэта недастатковы ўзровень навучальнай літаратуры і школьнага выкладання, скарачэнне курсаў рускай літаратуры, фарміраванне адвольнага кола імёнаў і твораў, што ўваходзяць у абавязковыя праграмы, і інш. Аднак, як было адзначана М.Д. Ясновым, у крызісныя перыяды дзіцячая літаратура перажывае росквіт. Гэтак і ў пачатку ХХI ст. пісьменнікі і перакладчыкі адгукнуліся на праблемы ў культуры, грамадстве, адукацыі стварэннем выбітных твораў, а выданне кніг для дзяцей ператварылася ў адменнае мастацтва: афармляльніцкія падыходы сталі выдасканаленымі, а паліграфічныя рашэнні – канцэптуальнымі.

Больш падрабязна пра фестываль, яго праграму і конкурсы можна даведацца з матэрыялаў адмыслова створанага сайта http://festivalazbuka.ru . Асвятляў працу фестывалю і сайт Сталічнай бібліятэкі Сафіі http://www.libsofia.bg/page/posts/zhivata-azbuka-5647.php.

Хочацца выказаць удзячнасць калегам кафедры літаратуры і методыкі яе выкладання УрДПУ і асабіста Ніне Ўладзіміраўне Баркоўскай за магчымасць удзелу ў фестывалі. Можна спадзявацца, што ўсталяваныя навуковыя і сяброўскія кантакты будуць плённымі, а наперадзе нас чакаюць новыя супольныя праекты.