Каля Калядаў: серыя майстар-класаў

На філалагічным факультэце БДУ з 19 па 22 снежня 2017 года прайшла серыя майстар-класаў “Каля Калядаў” – комплекс выхаваўча-папулярызатарскіх мерапрыемстваў, якія арганізавала вучэбна-навуковая лабараторыя беларускага фальклору кафедры тэорыі літаратуры БДУ. Ідэя правядзення комплексу калядных мерапрыемстваў з’явілася не на пустым месцы. У іх аснове – традыцыя святкавання Калядаў у беларусаў, якая складалася з шэрагу абавязковых для выканання элементаў: прыгатавання адметнай ежы, абходу двароў калядоўшчыкамі, спявання спецыяльных песень – калядак, правядзення дзявочых варожбаў. З прапановай далучыць да народных калядных традыцый студэнтаў БДУ і шырокую грамадскасць звярнулася да фалькларыстаў факультэта загадчыца кафедры тэорыі літаратуры прафесар Таццяна Іванаўна Шамякіна. У выніку рэалізавалі ідэю правядзення калядак у выглядзе адаптаванага да сучасных рэалій сцэнарыя майстар-класаў супрацоўнікі вучэбна-навуковай лабараторыі беларускага фальклору кафедры тэорыі літаратуры.

Майстар-класы праходзілі на базе вучэбна-навуковай лабараторыі беларускага фальклору. На прыцягу чатырох дзён у майстар-класах прынялі ўдзел 34 госця: 3 – у першы, 3 – у другі, 8 – у трэці і 20 – у чацвёрты дзень правядзення. Акрамя таго, у апошні дзень на майстар-клас завітала карэспандэнт тэлеканала Мінгарвыканкама “Мінск ТV” Яўгенія Леснікава, якая зрабіла кароткі рэпартаж пра наша мерапрыемства (эфір адбыўся 24 снежня на тэлеканале СТВ, гл. спасылку https://www.youtube.com/watch?v=KUvIw3qIdUE). Значную колькасць удзельнікаў склалі замежныя студэнты 1 курса філалагічнага факультэта БДУ (з Кітая, Туркменіі і адна студэнтка з Японіі), а таксама студэнты з Інстытута журналістыкі БДУ і проста аматары беларускай традыцыйнай культуры.

Каляднымі прысмакамі па народных рэцэптах частавала гасцей Таццяна Марозава, якая падрыхтавала аформлены калядны стол: у цэнтры стала на саматканам абрусе, пад якім было раскладзена сена, былі раскладзены галінкі елкі з елачнымі шышкамі, а таксама пераплецены стужачкамі вяночак з сена. На стол Таццяна Марозава кожны дзень гатавала новыя стравы:

першы дзень – куццю з пярловай крупы з разынкамі, праснакі, морс журавінавы;

другі дзень – куццю з аўсянай крупы з разынкамі, аладкі са смятанкай, кампот з яблык і груш сухіх;

трэці дзень – куццю з рысавай крупы з разынкамі, тварожнае печыва, кісель сунічны;

чацвёрты дзень – куццю з пшоннай крупы, бліны са смятанкай, настой шыпшынавы.

З каляднымі дзявочымі варожбамі з архіўных фондаў вучэбна-навуковай лабараторыі беларускага фальклору ўдзельнікаў знаёмілі Маргарыта Латышкевіч і Вера Дзянісенка, якія прапанавалі гасцям 5 варыянтаў варожбаў: па талерках, па скамячанай паперцы, па свечцы, па веніку, па саломінцы. Яны ж праводзілі і асноўны майстар-клас па вырабу каляднай зоркі-жаданкі. Дзеля гэтага напярэдадні супрацоўніцы падрыхтавалі галінкі дрэў і дэкор да іх (стужачкі, званочкі, фарбы, глітар, шышкі і інш. аздабленне), з якіх склалі 34 камплекты для вырабу калядных зорак.

У першы дзень удзельнікі прынялі ўдзел у майстар-класе па развучванні беларускіх песень-калядак. Праводзіла майстар-клас дацэнт кафедры тэорыі літаратуры, фалькларыст Таццяна Лук’янава, якая падрыхтавала для ўдзельнікаў раздрукоўкі з тэкстамі калядак і, пасля невялікага каментару да зместу песні, напявала матыў калядкі, а ўдзельнікі падхоплівалі яго і спрабавалі пець.

Напрыканцы для ўдзельнікаў была прапанавана акцыя “Сэлфі ў каляднай масцы”, дзеля чаго супрацоўнікі лабараторыі абсталявалі спецыяльную зону зону для фота на фоне рушніка і прадметаў сялянскага побыту з сапраўднай маскай мядзведзя, якая ўдзельнічала ў хаджэннях калядоўшчыкаў (падарунак ад папярэдняга кіраўніка лабараторыі Васіля Ліцьвінкі).

Без сумнення, мерапрыемствы такога кшталту дапамагаюць вырашаць важныя дзяржаўныя задачы ў адпаведнасцi з рэспублiканскай праграмай «Моладзь Беларусi», Канцэпцыяй патрыятычнага выхавання моладзi ў Рэспубліцы Беларусь i забяспечваць (у рамках Праграмы перспектыўнага развiцця БДУ) прафесiйнае станаўленне фiлолага як самастойнай асобы з творчым стылем мыслення i высокiм узроўнем культурнай i iдэалагiчнай кампетэнцыi.