Выстава, прысвечаная культуры Ірана

9 кастрычніка адбылася выстава, прысвечаная культуры Ірана. Студэнты знаёміліся з выставай адразу пасля лекцыі "КУЛЬТУРА СТАРАЖЫТНАГА ІРАНА" прафесара кафедры тэорыі літаратуры філалагічнага факультэта БДУ, доктара філалагічных навук Ірыны Валер'еўны Казаковай. На выставе былі прадстаўлены  экспанаты і матэрыялы, якія азнаёмілі студэнтаў з прыродай Ірана, архітэктурнымі помнікамі, шэдэўрамі іранскага жывапісу. На адкрыцці выставы гучалі вершы Амара Хайяма, Хафеза, Саадзі, Фердасі, прытчы Румі.

Лекцыі Казаковай І.В. заўсёды выклікаюць вялікую цікавасць  у студэнтаў. На яе аўтарскія курсы, спецкурсы, курсы па выбару студэнты запісваюцца вельмі ахвотна. Але Ірына Валер'еўна ніколі не спыняецца на дасягнутым, яна заўсёды шукае новыя, нестандартныя крэатыўныя падыходы, выкарыстоўвае розныя формы аўдыторных і дыстанцыйных заняткаў: лекцыі-форумы (адкрыты дыялог са студэнтамі), творчая лабараторыя  са стварэннем арыгінальнага інтылектуальнага студэнцкага  прадукту, дзелавыя гульні, вучэбныя аўдыё- і відэа-салоны і г.д.

У гэтым  навучальным годзе І.В.Казакова адкрыла новы культурна-асветніцкі адукацыйны праект у межах вывучэння дысцыпліны "Гісторыя і тэорыя сусветнай культуры", які, яна ўпэўнена, дапаможа актывізаваць эўрыстычнае навучанне ў адукацыйным працэсе студэнтаў-філолагаў. Заняткі па гісторыі і тэорыі сусветнай культуры будуць суправаджацца арыгінальнымі выставамі, прысвечанымі культурам розных народаў свету. Выставы будуць праводзіцца кожны месяц  увесь навучальны год.

Такія суправаджаючыя формы заняткаў дапамагаюць лепшаму ўспрыняццю матэрыялу, садзейнічаюць эмацыянальнаму рэагаванню,вучаць студэнтаў задаваць пытанні і самім шукаць на іх адказы, пабуджаюць студэнтаў да дыялогу. дыскусіі,абуджаюць творчы імпульс самастойных даследаванняў. Наступная выстава павінна адбыцца ў пачатку лістапада бягучага года, яна будзе прысвечана кітайскай культуры. Таксама да канца навучальнага года плануецца правядзенне выстаў, прысвечаных культуры Казахстана, культуры Турцыі, культуры Расіі і  інш.