Выстава "Культура  Кітая"

6 лістапада ў 15.50 на філалагічным факультэце БДУ адбылося  адкрыццё выставы "Культура Кітая". На выставе прадстаўлена звыш 50 экспанатаў, якія знаёмяць наведвальнікаў з рознымі аспектамі культуры і мастацтва гэтай краіны. Наведвальнікі выставы маюць магчымасць убачыць кнігі, прысвечаныя кітайскаму фальклору, кітайскай нацыянальнай кухні, асноўным славутасцям краіны. Таксама прадстаўлены лялькі ў нацыянальным кітайскім адзенні, маскі пекінскай оперы, вееры, святочныя надпісы, малюнкі па шоўку, таямнічыя драконы, велічныя тыгры, вясёлыя панды. Цэнтральнае месца займае экспазіцыя кітайскай і беларускай вышыўкі. У культурах абодвух народаў вышыўка адыгрывае вельмі значную ролю. Што агульнае маюць і чым адрозніваюцца беларуская і кітайская вышыўкі наведвальнікі даведаліся на адкрыцці выставы. (Арганізатар выставы - прафесар кафедры тэорыі літаратуры, доктар філалагічных навук Ірына Валер'еўна Казакова). У першы ж дзень наведвальнікамі выставы сталі звыш 120 студэнтаў і супрацоўнікаў БДУ. Экскурсіі па экспазіцыях праводзяцца на трох мовах (рускай, беларускай і кітайскай) па жаданні наведвальнікаў. Выстава працягне сваю работу да 14 лістапада.