Серыя святочных майстар-класаў КаляКалядаў-2018

На філалагічным факультэце БДУ з 19 па 21 снежня 2018 года прайшла серыя майстар-класаў “КаляКалядаў”. Свята другі год запар арганізоўвае вучэбна-навуковая лабараторыя беларускага фальклору пры падтрымцы кафедры тэорыі літаратуры БДУ. Мэта сёлетніх мерапрыемстваў – пазнаёміць і далучыць да беларускіх калядных традыцый замежных студэнтаў.

Майстар-класы праходзілі на базе вучэбна-навуковай лабараторыі беларускага фальклору. На прыцягу трох дзён госці мерапрыемства мелі магчымасць пагадаць, паспрабаваць калядныя стравы, паслухаць і паспяваць калядныя песні, навучыцца рабіць папяровых анёлкаў. Акрамя таго, у чацвер, 20 снежня, перад студэнтамі з мастацкай праграмай “Каляда на Тураўскім Палессі (в. Тонеж)” выступіў фальклорны гурт “Этнасуполка” (Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў, кіраўнік – старшы выкладчык кафедры этналогіі і фальклору Т.А. Пладунова). Каляднымі прысмакамі па народных рэцэптах пачаставала гасцей загадчык кафедры тэорыі літаратуры Т.А. Марозава.