Творчы вечар Маргарыты Латышкевіч

23 студзеня 2019 года ў Цэнтральнай гарадской бібліятэцы імя Янкі Купалы адбылася юбілейная імпрэза пісьменніцы і супрацоўніцы Вучэбна-навуковай лабараторыі беларускага фальклору Маргарыты Латышкевіч. Цэнтрам творчай сустрэчы была прэзентацыя зборніка прозы “Наш дом”, які выйшаў у 2018 годзе (выдавецтва “Мастацкая літаратура”, серыя “Час 21”).

Цягам імпрэзы аўтарка чытала вершы, распавядала пра прыпынкі свайго літаратурнага падарожжа, пра кнігі, жыццё ды творчасць. Прагучала таксама і апавяданне “Яблыкі”, якое ў 2016 годзе дало старт аднайменнаму зборніку малой прозы, узнагароджанаму Нацыянальнай літаратурнай прэміяй (у намінацыі “Дэбют”). Акрамя гэтага, былі абвешчаны пераможцы святочнай акцыі, зладжанай да імпрэзы. Пяць чытачоў, што паспелі першымі адказаць на пытанне па фантастычнай аповесці “Над Вугерай – дождж”, атрымалі экзэмпляр “яблычнага” зборніка з аўтографам аўтара.

Павіншаваць пісьменніцу, апроч чытачоў, з’явіліся і калегі. Маладыя паэткі Кацярына Захарэвіч і Марына Дубень выступілі ў якасці чытальнікаў вершаў Маргарыты, а пісьменніца Іна Фралова ўручыла ёй памятны дыплом ад Саюза пісьменнікаў ды сказала колькі цёплых словаў.

У заканчэнні сустрэчы кожны з гасцей змог атрымаць на памяць сувенірную картку з аўтографам і малюнкам.