Cемінар «Прафесія: перакладчык»

7 лютага на філалагічным факультэце БДУ прайшоў семінар «Прафесія: перакладчык», зладжаны ў супрацоўніцтве кафедры тэорыі літаратуры і міністэрства інфармацыі. Мерапрыемства прайшло ў межах XXVI Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу і сімпозіума «Пісьменнік і час».

Адкрывала сустрэчу выступленне намесніка дэкана філалагічнага факультэта па вучэбна-метадычнай рабоце М.М. Хмяльніцкага. Загадчык кафедры тэорыі літаратуры Т.А. Марозава распавяла пра дасягненні калег у галіне мастацкага перакладу, падрабязна спыніўшыся на дзейнасці В.П. Рагойшы, Т.В. Кабржыцкай, Т.І. Шамякінай, І.А. Чароты, М.П. Кенькі.

Выкладчык кафедры кітайскай філалогіі В.  Жукавец пазнаёміла гасцей з уласным даследаваннем па беларуска-кітайскіх літаратурных сувязях. А загадчык аддзелам абслугоўвання філалагічнага і эканамічнага факультэтаў фундаментальнай бібліятэкі БДУ Ж.С. Карповіч прадэманстравала забяспечанасць студэнтаў-філолагаў, будучых перакладчыкаў, метадычнай і мастацкай літаратурай.

У сваю чаргу, госці факультэта выступілі са сціслымі паведамленнямі, у якіх падзяліліся ўласным вопытам і акрэслілі спецыфіку перакладчыцкай практыкі ў замежжы, а таксама падарылі факультэту некаторыя свае выданні.

Мадэрыравала сустрэчу супрацоўніца вучэбна-навуковай лабараторыі беларускага фальклору кафедры тэорыі літаратуры М.Ю. Латышкевіч.

Пасля дакладаў і дыскусіі ўдзельнікаў чакаў спектакль беларускай батлейкі «Жалобная комедия об Адаме и Еве», зладжаны ўзорным тэатрам лялек «Солнышко» культурна-спартыўнага цэнтра Мінскага аддзялення Беларускай чыгункі (рэжысёр – Святлана Дземчанка, мастак – Надзея Якаўлева). Важна адзначыць, што спектакль быў заснаваны на адаптаваным тэксце п’есы Сімяона Полацкага. Надзея Якаўлева, аўтар батлейкі, таксама трохі распавяла гасцям пра народны лялечны тэатр на Беларусі і адказала на пытанні зацікаўленых.