Падвядзенне вынікаў і ўзнагароджанне пераможцаў Конкурса на лепшы літаратурны твор, прысвечаны жанчыне

5 лістапада 2019 года на філалагічным факультэце БДУ адбылося падвядзенне вынікаў і ўзнагароджанне пераможцаў Конкурса на лепшы літаратурны твор, прысвечаны жанчыне. Конкурс быў прымеркаваны да 80-годдзя філалагічнага факультэта БДУ. Арганізатарамі мерапрыемства выступілі кафедра гісторыі беларускай літаратуры філалагічнага факультэта і ГА «Саюз жанчын БДУ». 

Дыпломам першай ступені ўзнагароджаны Паваляеў Сяргей Анатольевіч, к.ф.н., дацэнт кафедры філасофіі і метадалогіі навукі ФФСН, член Саюза пісьменнікаў Расіі, за цыкл вершаў, прысвечаных жанчынам. Журы конкурса адзначыла створаны аўтарам шматгранны лірічны вобраз жанчыны і высокае версіфікатарскае майстэрства паэта. Дыпломам другой ступені ўзнагароджана Бандаровіч Вераніка Уладзіміраўна, к.ф.н, дацэнт, член Беларускага саюза журналістаў, запрошаны выкладчык факультэта журналістыкі за распрацоўку тэмы любові (кахання) у прозе і вобраза лірычнай гераіні-жанчыны. Дыплом трэцяй ступені атрымаў Навагродскі Тадэвуш Антонавіч, д.г.н., прафесар, загадчык кафедры этналогіі, музеялогіі і гісторыі мастацтваў гістарычнага факультэта за стварэнне кранальнага, лірычнага вобраза маці і раскрыццё тэмы малой радзімы ў паэтычным творы.

Сярод студэнцкай творчасці журы конкурса адзінагалосна прызнала лепшым твор студэнткі 1 курса філалагічнага факультэта спецыяльнасці «Беларуская філалогія» Мурзіч Эльвіры Аляксандраўны. Яна была ўзнагароджана спецыяльным дыпломам за ўвасабленне ў паэтычным творы вобраза адной з самых выбітных беларускіх паэтак  ХХ стагоддзя - Яўгеніі Янішчыц, а таксама за патрыятычнае стаўленне да беларускай мовы і літаратуры. Самым арыгінальным быў названы твор студэнткі 2 курса філалагічнага факультэта спецыяльнасці «Беларуская філалогія» Басалыга Паліны Сяргееўны.  Яна ўзнагароджана спецыяльным дыпломам за лірыка-філасофскую замалёўку, пасланне ўсім сучасным жанчынам з яскравым, запамінальным наказам, а таксама за арыгінальную форму твора. Усе пераможцы конкурса атрымалі цудоўныя кніжныя выданні ў падарунак ад ГА «Саюз жанчын БДУ». Астатнія ўдзельнікі конкурса былі таксама ўзнагароджаны памятнымі дыпломамі і кнігамі.

Арганізатары выказваюць вялікую падзяку Прэс-службе і Цэнтру карпаратыўных камунікацый БДУ за інфармацыйную падтрымку конкурса на афіцыйным сайце ўніверсітэта і ў сацсетках.