ВЕЧАРЫНА ПАЭЗІІ І МУЗЫКІ «АСНЕЖАНЫЯ РЫТМЫ»

5 снежня ладзяцца «Аснежаныя рытмы» — вечарына паэзіі і музыкі, прысвечаная 80-годдзю філалагічнага факультэта БДУ (вул. Карла Маркса, 31, актавая зала філфака, пачатак у 16.00). Ідэя гэтага філфакаўскага свята належыць Алегу Антонавічу Лойку (1931—2008), беларускаму паэту, прафесару, былому загадчыку кафедры беларускай літаратуры, экс-дэкану філалагічнага факультэта БДУ.

Госць сёлетніх «Аснежаных рытмаў» — Станіслаў Коршак, паэт, кампазітар, спявак, выпускнік філфака БДУ 1986 года. Нарадзіўся ён у вёсцы Вясея Слуцкага раёна, жыве ў Рызе. Спявае на рускай, беларускай і латышскай мовах. Выдаў песенныя альбомы «Па жыцці з любоўю!» (2011), «Сустракаемся ў Юрмале» (2012), «Маім сябрам» (2015). Шматлікія яго канцэрты, у тым ліку дабрачынныя, адбыліся ў Латвіі і Беларусі.

З чытаннем уласных вершаў выступяць таксама цяперашнія студэнты-філолагі.

На вечарыну запрошаны выпускнікі і студэнты філалагічнага факультэта БДУ, выкладчыкі і студэнты іншых факультэтаў, навучэнцы Ліцэя БДУ, пераможцы рэспубліканскай і гарадской алімпіяд, удзельнікі сёлетняй гарадской алімпіяды, навучэнцы гімназій і школ г. Мінска, якія навучаюцца ў профільных класах.

Арганізатар мерапрыемства — кафедра гісторыі беларускай літаратуры.