На філалагічным факультэце БДУ адбыўся літаратурна-музычны вечар «Сярэбраныя струны»

26 лістапада ў 18.00 кафедра рускай літаратуры філалагічнага факультэта БДУ правяла літаратурна-музычны вечар «Сярэбраныя струны», прымеркаваны да 80-годдзя роднага факультэта.

У вечары прынялі ўдзел выкладчыкі, студэнты-філолагі розных курсаў і спецыяльнасцей, замежныя навучэнцы, магістранты, а таксама госці з Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі.

У святочнай і радаснай атмасферы творчых стасункаў прагучалі выдатныя рамансы Рахманінава, Мусаргскага і Чайкоўскага на вершы рускіх паэтаў, вядомыя арыі з опер, класічная музыка Іагана Себасцьяна Баха і Каміля Сен-Санса. Студэнты філалагічнага факультэта са свайго боку падрыхтавалі літаратурна-паэтычную частку канцэрта, у якую ўвайшлі яскравыя і разнастайныя творы вядомых рускіх паэтаў Сярэбранага веку: прагучалі вершы Уладзіміра Салаўёва, Мікалая Гумілёва, Ганны Ахматавай, Марыны Цвятаевай, Зінаіды Гіпіус, Уладзіміра Маякоўскага, былі прачытаны паэмы А. Блока «Дванаццаць» і Сяргея Ясеніна «Чорны чалавек». Студэнты-філолагі не толькі чыталі вершы, але і падрыхтавалі некалькі песень пад гітару: у выкананні Ірыны Звягінцавай і Марыі Страхаль прагучалі рамансы на вершы Марыны Цвятаевай «Мне нравится, что вы больны не мной» і Сяргея Ясеніна «Заметался пожар голубой».

Арганізавалі і правялі вечар загадчык кафедры рускай літаратуры Людміла Леанідаўна Аўдзейчык, выкладчык-канцэртмайстар БДАМ Святлана Сяргееўна Стэфаненка і студэнтка 1-га курса БДУ Аляксандра Бедзіна.

Гэта ўжо другое мерапрыемства, якое прайшло сёлета ў дадзеным фармаце. Усе ўдзельнікі і арганізатары сустрэчы спадзяюцца на тое, што музычна-паэтычныя вечары стануць добрай традыцыяй на філалагічным факультэце, бо што можа быць прыгажэйшым за музыку і паэзію!