«КаляКалядаў»: серыя майстар-класаў на філалагічным факультэце БДУ

20 снежня 2019 года на філалагічным факультэце БДУ прайшла серыя майстар-класаў «КаляКалядаў». Свята трэці год запар арганізоўвае вучэбна-навуковая лабараторыя беларускага фальклору пры падтрымцы кафедры тэарэтычнага і славянскага літаратуразнаўства БДУ. Мэта мерапрыемстваў – пазнаёміць і далучыць да беларускіх калядных традыцый усіх жадаючых.

Майстар-класы праходзілі на базе вучэбна-навуковай лабараторыі беларускага фальклору. Госці сёлетняга мерапрыемства – навучэнцы 11 класа ліцэя БДУ – пазнаёміліся з асноўнымі каляднымі традыцыямі, даведаліся пра асаблівасці і гісторыю беларускай батлейкі, пра семантыку калядных масак. Пра ўсё гэта ім распавяла супрацоўніца ВНЛБФ Маргарыта Латышкевіч. Акрамя таго, нашы наведвальнікі мелі магчымасць увачавідкі пабачыць самаробную батлейку і паўдзельнічаць у калядным прадстаўленні. І, канешне, як сапраўдныя калядоўшчыкі, – атрымаць пачастункі ад гаспадароў.