Каля Калядаў: серыя майстар-класаў на філалагічным факультэце БДУ

На філалагічным факультэце БДУ штогод, пачынаючы з 2017 года, ладзіцца серыя майстар-класаў “Каля Калядаў”. Свята арганізоўвае вучэбна-навуковая лабараторыя беларускага фальклору пры падтрымцы кафедры тэарэтычнага і славянскага літаратуразнаўства. Мэта мерапрыемстваў – пазнаёміць і далучыць да нацыянальных калядных традыцый беларускіх і замежных студэнтаў.

Майстар-класы звычайна праходзяць на базе вучэбна-навуковай лабараторыі беларускага фальклору, аднак сёлета праз складаную эпідэмічную сітуацыю ў краіне правесці мерапрыемства ў звычайным фармаце не прадстаўляецца магчымым. У сувязі з гэтым супрацоўнікі кафедры тэарэтычнага і славянскага літаратуразнаўства і вучэбна-навуковай лабараторыі беларускага фальклору падрыхтавалі дайджэст гісторыі “Каля Калядаў”, рэцэпты беларускіх калядных страў, а таксама некалькі ідэй для стварэння святочнай атмасферы.