Навукова-практычны семінар “Мастацкі тэкст у арыгінале і перакладзе”

20 лістапада 2017 г. на базе першых курсаў аддзяленняў славянскай філалогіі, беларускай філалогіі, класічнай філалогіі адбыўся навукова-практычны семінар “Мастацкі тэкст у арыгінале і перакладзе”. Гэта асаблівая форма лекцыі і ў той жа час навуковая імпрэза. З асноўным дакладам выступіў доктар філалагічных навук, прафесар В.П. Рагойша на тэму “Літаратурныя сувязі і пераклад”. Дацэнт, кандыдат філалагічных навук У.Г. Кароткі гаварыў пра пераклады старажытнай літаратуры. Дацэнт, кандыдат філалагічных навук В.В. Прыемка прачытала даклад “Пераклады фальклору”. Доктар філалагічных навук, прафесар Т.І. Шамякіна выступіла з дакладам на тэму “Школа перакладу ў СССР”.

В.П. Рагойша, У.Г. Кароткі, Т.І. Шамякіна не толькі тэарэтыкі, але і практыкі перакладу, пераклалі значную колькасць мастацкіх твораў. У канцы семінару В.П. Рагойша прачытаў свае паэтычныя пераклады з украінскай мовы.

На семінары, акрамя студэнтаў, прысутнічалі выкладчыкі кафедры тэорыі літаратуры і супрацоўнікі вучэбна-навуковай лабараторыі беларускага фальклору.

Інавацыйная форма лекцыі і ў той жа час навуковай канферэнцыі выклікала вялікую цікавасць слухачоў.

Традыцыйная сустрэча ля помніка А.С. Пушкіну

У гонар Дня рускай мовы кафедра рускай літаратуры і кафедра прыкладной лінгвістыкі сумесна з Рассупрацоўніцтвам правялі традыцыйную сустрэчу ля помніка А.С. Пушкіну з ускладаннем кветак і чытаннем вершаў паэта.

View the embedded image gallery online at:
http://philology.bsu.by/by/news/faculty-news#sigProIdcdcb54f2e4

Праект “Асобы сучаснай русістыкі”

Прафесар кафедры тэарэтычнага і славянскага мовазнаўства доктар філалагістных навук прафесар Барыс Юсцінавіч Норман  стаў адным з шаснаццаці ўдзельнікаў праекта “Асобы сучаснай русістыкі” – пазнавальнай праграмы аб вядучых лінгвістах сучаснасці, арганізаванай Дзяржаўным інстытутам рускай мовы імя А.С.Пушкіна.  У фармаце тэматычнага і партрэтнага інтэрв’ю аб ролі мовы ў развіцці найважнейшых сфер камунікацыі, аб адлюстраванні ў мове культуралагічных, маральных і этычных паняццяў казалі прафесары А.Н.Баранаў, У.І.Карасік, М.А.Крангаўз, Л.П.Крысін, Б.І.Осіпаў, Ю.Я.Прохараў, Рэнатэ Ратмайр, І.А.Сцярнін і іншыя.

У межах праграмы Б.Ю.Норман даў інтэрв’ю прафесару В.С.Ісэрс, у якім прадставіў сваё бачанне актуальных праблем сучаснай русістыкі і магчымых шляхоў іх вырашэння, на “жывых” прыкладах паказаў спецыфіку функцыяніравання рускай мовы на тэрыторыі сучаснай Беларусі, падзяліўся творчымі планамі навуковай дзейнасці.

Да юбілея Бэлы Ахмадулінай

20-21 красавіка ў Тарусе ў Доме літаратараў прайшла Другая міжнародная навуковая канферэнцыя “Творчасць Бэлы Ахмадулінай у кантэксце культуры ХХ стагоддзя”, прысвечаная яе 80-годдзю. Бэла Ахмадуліна любіла Тарусу і лічыла яе значным месцам у сваім жыцці. Тут яна правяла шмат часу і напісала адзін з самых вядомых цыклаў вершаў.

Арганізатарамі навуковага мерапрыемства выступілі філалагічныя факультэты Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта ім. М.В. Ламаносава і Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Навукоўцы вядучых вну Расіі, Беларусі і ЗША абмеркавалі найбольш важныя пытанні паэтыкі і стылю Б. Ахмадулінай,  азначылі новыя падыходы да асэнсавання яе творчых кантактаў і рэцэпцыі вобраза паэта сучаснікамі, а таксама акцэнтавалі адметны статус Тарусы ў культурным кантэксце другой паловы ХХ ст. Па выніках канферэнцыі плануецца выданне зборніка навуковых артыкулаў.

З боку БДУ ў арганізацыі канферэнцыі і яе правядзенні ўдзельнічалі прадстаўнікі кафедры рускай літаратуры: Алешка Т.В., Блішч Н.Л., Скарапанова І.С., Верына У.Ю.

View the embedded image gallery online at:
http://philology.bsu.by/by/news/faculty-news#sigProId1f636130b6

Майстар-класы Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў "Настаўнік года Рэспублікі Беларусь 2017"

21-22 верасня 2017 года на базе філалагічнага факультэта БДУ было арганізавана правядзенне майстар-класаў па беларускай мове і літаратуры, рускай мове і літаратуры Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў "Настаўнік года Рэспублікі Беларусь 2017". Педагогі ў гэтай прадметнай намінацыі аддалі перавагу актыўным метадам і формам навучання. Асаблівую цікавасць студэнтаў, якія выступілі ў якасці вучняў, выклікалі разнастайнасць і арыгінальнасць выкарыстаных метадычных сродкаў і прыёмаў. Шырока ўжывалася праца ў творчых, даследчых навучальных групах. На ўсіх без выключэння занятках знайшлі сваё апраўданае месца сучасныя інфармацыйна-камунікатыўныя адукацыйныя тэхналогіі. Агеньчыку цікавасці ў вачах удзельнікаў заняткаў дапамагала абуджацца камунікатыўна спрыяльная і матывацыйна насычаная атмасфера суразмоўніцтва.

Вось як распавядае пра ўбачанае, пачутае і здейсненае студэнтка нашага факультэта Юлія Фельдшарава: "Нам пашчасціла наведаць выдатны ўрок літаратуры.Гэта былі вельмі насычаныя і цікавыя 45 хвілін, за якія мы не толькі даведаліся аб новых прыёмах, якія выкарыстоўваюцца ў сучасным працэсе навучання, але і адчулі іх эфектыўнасць на сабе. Мне вельмі запомніўся прыём "Аловак": кожная з груп малявала прадмет народнага вясковага побыту, няхай гэта будзе скрыня або печ, але па частках, а іншая спрабавала адгадаць. Вось як мы наладжвалі партнёрства праз творчасць. Так, паглыбляючыся ў побыт сапраўднага чалавека-працаўніка з народу, мы вучыліся таму, якім чынам на практыцы можна сфарміраваць у вучняў камунікатыўную кампетэнцыю. Гэта карысныя веды для практыкі, што мае адбыцца надалей. Вельмі цікавы вопыт, вялікі дзякуй арганізатарам і настаўнікам!"

Круглы стол «Фалькларыст Леў Бараг»

На пляцоўцы медыятэкі філалагічнага факультэта БДУ 17 мая прайшло пасяджэнне круглага стала, прысвечанага асобе Льва Рыгоравіча Барага – вядомага даследчыка фальклору і літаратуры, доктара гістарычных навук, прафесара Башкірскага дзяржаўнага ўніверсітэта, які ў 40-х гадах мінулага стагоддзя выкладаў на філалагічным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Л. Барагу належаць шматлікія працы, прысвечаныя беларускім, рускім, украінскім казкам, а таксама творчасці Я. Купалы, Цёткі, М. Танка. М. Лынькова, Д. Фанвізіна, М. Горкага і інш.

Круглы стол сабраў як супрацоўнікаў БДУ і студэнтаў, так і гасцей: Яўгена Фактаровіча і Ірыну Муфель, дзяцей сябра і паплечніка Льва Барага – Давіда Фактаровіча, а таксама выкладчыкаў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі і Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў.

Жанна Сцяпанаўна Карповіч, загадчык бібліятэкі філфака, змястоўна распавяла пра жыццёвы шлях навукоўца, аздобіўшы сваё выступленне фотаздымкамі Льва Барага. Рыма Мадэстаўна Кавалёва, вядучы навуковы супрацоўнік ВНЛ беларускага фальклору, у сваім выступленні паспрабавала даць аўдыторыі магчымасць пабачыць героя сустрэчы на ўласныя вочы – праз прызму ўспамінаў.

Разам са сталымі ўдзельнікамі круглага стала сваё слова сказалі і студэнты філфака. Яны з жывасцю і непасрэднасцю расказалі пра ўражанні ад асобы і прац Льва Барага, пра свае росшукі ў інтэрнэце і энцыклапедыях.

Супрацоўнікамі бібліятэкі была падрыхтавана і вельмі ўдалая кніжная экспазіцыя-агляд навуковых прац Льва Барага, з якімі можна было бліжэй пазнаёміцца пасля заканчэння мерапрыемства.

View the embedded image gallery online at:
http://philology.bsu.by/by/news/faculty-news#sigProId43bd1a5ff7

 

Імпрэза, прысвечаная 50-годдзю выкладання ў БДУ Вячаслава Пятровіча Рагойшы

19 верасня ў 11.15 (аўд. 304) адбудзецца імпрэза, прысвечаная 50-годдзю выкладання ў БДУ прафесара кафедры тэорыі літаратуры доктара філалагічных навук Вячаслава Пятровіча Рагойшы. Плануецца выступленне дэкана філалагічнага факультэта І. С. Роўды, загадчыка кафедры тэорыі літаратуры Т.І. Шамякінай, калег і вучняў шаноўнага прафесара.

Шчыра запрашаем!

Сустрэча з Сяргеем Кавалёвым

21 красавіка Сяргей Кавалёў, выпускнік БДУ, прафесар філалогіі і слынны беларускі драматург, аўтар больш чым 30 п’ес, што пастаўлены тэатрамі Беларусі, Польшчы, Расіі, Украіны, Славакіі, завітаў з Любліна ў Мінск, на кафедру гісторыі беларускай літаратуры БДУ. Ён прачытаў студэнтам-трэццякурснікам з  аддзяленняў беларускай і рускай філалогіі свой новы твор – камедыю “Юдзіф”.  

Поўны тэкст гэтай п’есы ўжо атрымаў высокую ацэнку на Рэспубліканскім конкурсе ў гонар Францыска Скарыны. Прачытаў жа аўтар новую версію “Юдзіфі”, зробленую для пастаноўкі ў Гродна – рэжысёрам Алегам Жугждам, з якім у Сяргея Кавалёва склаўся выдатны творчы тандэм.

Уважліва выслухаўшы драматурга, маладыя філолагі задалі яму шэраг пытанняў, прапанавалі свае каментары да п’есы, пацікавіліся стасункамі С.Кавалёва з рэжысёрам і акцёрамі, даведаліся пра цікавосткі багемнага жыцця, сакрэты рэжысёрскага чалавеказнаўства і рэцэпты драматургічнай кухні, пажадалі шчаслівага сцэнічнага лёсу новай беларускай “Юдзіфі”, якая ўпрыгожыць мастацкую калекцыю з твораў самых розных аўтараў на славуты біблейскі сюжэт.

Прафесар Сяргей Кавалёў прэзентаваў таксама найбольш цікаўным студэнтам сваю манаграфію “Шматмоўная паэзія Вялікага Княства Літоўскага эпохі Рэнесансу”.  

Прафесар Алесь Бельскі расказаў пра свой удзел у складанні праграм для школ па беларускай літаратуры, у якія ўдалося ўвесці творы пісьменнікаў-сучаснікаў: А.Наварыча, А.Федарэнкі, інш., – і С.Кавалёва.

У сустрэчы, арганізаванай кафедрай гісторыі беларускай літаратуры, таксама ўзялі актыўны ўдзел загадчыца кафедры, дацэнт Таццяна Казакова, прафесар Людміла Сінькова і выкладчык Ірына Часнок.

View the embedded image gallery online at:
http://philology.bsu.by/by/news/faculty-news#sigProId6331d0217a

V Міжнародныя Скарынаўскія навуковыя чытанні, прысвечаныя 500-годдзю беларускага кнігадрукавання

17 – 18 лістапада 2017 года на філалагічным факультэце БДУ прайшлі V Міжнародныя Скарынаўскія чытанні прысвечаныя пяцісотгоддзю беларускага кнігадрукавання. Арганізатарам навуковага форуму была кафедра гісторыі беларускай літаратуры філалагічнага факультэта БДУ. На V Міжнародных Скарынаўскіх чытаннях былі абмеркаваны актуальныя праблемы скарыназнаўства, а таксама шырокая кола пытанняў звязаная з засваенням творчых здабыткаў Францыска Скарыны ў беларускай і іншых славянскіх літаратурах. У рамках праграммы чытанняў выступілі 48 навукоўцаў з Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава, Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я. Купалы, Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Варшаўскага ўніверсітэта і Альдэнбугскага ўніверсітэта імя Карла фон Асецкага.

На ўрачыстым адкрыцці чытанняў выступіў дэкан філалагічнага факультэта БДУ, прафесар Іван Сямёнавіч Роўда і дырэктар інстытута літаратуразнаўства імя Я. Купалы НАН Беларусі, прафесар Іван Васільевіч Саверчанка. Праводзіла пленарнае пасяджэнне загадчык кафедры гісторыі беларускай літаратуры, дацэнт Таццяна Пятроўна Казакова. На пленарным пасяджэнні Фундаментальная бібліятэка БДУ правяла прэзентацыю “Скарыніяна ў працах супрацоўнікаў БДУ”, ад ўдзельнікаў чытанняў аспірант Аляксандр Яфімаў і магістрантка Вікторыя Бабровіч усклалі кветкі да помніка Францыска Скарыны, які знаходзіцца ў Галерэі асветнікаў.

Работа чытанняў была арганізавана ў межах чатырох секцый: “Асоба і дзейнасць Францыска Скарыны ў кантэксце эпохі Адраджэння і праз прызму часу”, “Творчая спадчына Францыска Скарыны: рэцэпцыя і інтэрпрэтацыя”, “Беларуская літаратура і кнігадрукаванне як годны працяг справы Францыска Скарыны”, “Шляхамі Ф. Скарыны: беларускае слова ў працэсе фарміравання нацыянальнай ідэнтычнасці”. Навукоўцы разгледзелі творчую спадчыну Францыска Скарыны з перспектывы сусветнага мастацкага вопыту, асвецілі літаратуразнаўчыя, гісторыка-культурныя і мовазнаўчыя аспекты скарынаўскай спадчыны, а таксама метадалагічныя і метадычныя праблемы вывучэння творчасці Францыска Скарыны ў вышэйшай і сярэдняй школе. 

Cемінар-кансультацыя па пытанні ўжывання тэрміналогіі

26 красавіка на філалагічным факультэце ў межах кансультацыйнага цэнтра па праблемах фалькларыстыкі, які функцыянуе пры вучэбна-навуковай лабараторыі беларускага фальклору, адбыўся семінар-кансультацыя па пытанні адэкватнага ўжывання тэрмінаў. З праблемнымі паведамленнямі і каментарамі выступілі к.ф.н., дацэнт, вядучы навуковы супрацоўнік ВНЛБФ Р.М.Кавалёва, к.ф.н., дацэнт В.В.Прыемка, к.ф.н., дацэнт У.Ю.Верына, к.ф.н., дацэнт кафедры тэорыі літаратуры Т.В.Лук’янава, навуковы супрацоўнік Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі І.Ю.Смірнова, загадчык ВНЛБФ В.І.Палукошка.

View the embedded image gallery online at:
http://philology.bsu.by/by/news/faculty-news#sigProId3282f8b503

Віншуем!

Віншуем кандыдата філалагічных навук, старшага выкладчыка Алену Аляксандраўну Клімовіч з перамогай яе навуковага праекта ў конкурсе, арганізаваным Міжнародным фондам “Дом навук аб чалавеку” (Францыя) і Цэнтрам франка-расійскіх даследаванняў для маладых навукоўцаў з Расіі, Беларусі, Украіны і Малдовы. Вынікам гэтай перамогі стаў адзін з двух грантаў, вылучаных на двухмесячную стажыроўку, якая дае мажлівасць рэалізаваць прадстаўлены праект у Парыжы.