Тыдзень беларускай мовы на філфаку

20 лютага 2017 г. адбылася сустрэча з настаўнікам-метадыстам Валянцінай Карлаўнай Раманцэвіч – перакладчыкам на беларускую мову амаль 30-ці школьных падручнікаў па хіміі, фізіцы, біялогіі, суаўтарам «Слоўніка сучаснай беларускай мовы», «Беларускага вайсковага слоўніка», «Беларускай мовы для вайскоўцаў», «Энцыклапедычнага слоўніка рэлігійнай лексікі беларускай мовы».

21 лютага 2017 г. у літаратурна-музычнай кампазіцыі «Слова роднае – вечнасці след...», прымеркаванай да святкавання Міжнароднага дня роднай мовы, прынялі ўдзел пісьменнік, публіцыст, галоўны дырэктар радыёстанцыі «Беларусь» Навум Якаўлевіч Гальпяровіч, аспірантка Цукубскага ўніверсітэта (Японія) Сіёры Кіёсава, фальклорны калектыў «Мілавіца» Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі «Ветразь» г. Мінска (мастацкі кіраўнік Марыя Снітко), курсанты ваеннага факультэта Беларускай дзяржаўнай акадэміі авіяцыі, студэнты філалагічнага факультэта БДУ.

22 лютага 2017 г. была праведзена інтэлектуальна-пазнавальная гульня «Філалогія і Я» з удзелам студэнтаў 1 курса спецыяльнасцей «Беларуская філалогія», «Руская філалогія» і «Славянская філалогія».

23 лютага 2017 г., у межах лінгвістычна-мастацка-дыскусійнай гасцёўні на тэму «Яны змаглі, а ТЫ зможаш?» уласным досведам увасаблення ідэй па стварэнні і пашырэнні візуальных матэрыялаў у мэтах папулярызацыі беларускай мовы сярод моладзі падзяліліся Дар’я Мандзік, архітэктар і аўтар праекта «Не маўчы па-беларуску!», Ян Мяльніцкі, юрыст, экскурсавод і аўтар беларускамоўных коміксаў, Юлія Бажок, філолаг, аўтарка ідэі беларускамоўнай настольнай гульні «Палескія археолагі».

24 лютага 2017 г. адбыўся Дзень беларускага перакладу. У творчай сустрэчы «Беларуска-венгерская культурная прастора…», або Ці можа Лявоніха танчыць «Чардаш»? прынялі ўдзел Антал Кулчар, консул Венгрыі ў Рэспубліцы Беларусь, Петэр Барас, перакладчык, матэматык, праграміст, Юдыт Месарош, выкладчык венгерскай мовы.