Сустрэча з прадстаўнікамі ўкраінскага пасольства

10 сакавіка гасцямі філалагічнага факультэта былі часовы павераны ў справах Украіны ў Беларусі Валерый Мікалаевіч Джыгун і першы сакратар пасольства Украіны Марыя Рыгораўна Гуцала. Яны перадалі ў кабінет украінскай філалогіі звыш 140 экземпляраў разнастайных слоўнікаў і падручнікаў па ўкраінскай мове, хрэстаматыі і іншую вучэбную літаратуру. Гасцей віталі прарэктар па вучэбнай рабоце Сяргей Мікалаевіч Ходзін, дэкан факультэта Іван Сямёнавіч Роўда, а таксама выкладчыкі і студэнты спецыяльнасці “Славянская (украінская) і беларуская філалогія”. У знак удзячнасці за шматгадовае плённае супрацоўніцтва БДУ і Пасольства Украіны, за аказаную дапамогу ў падрыхтоўцы ўкраіністаў прарэктар Ходзін С.М. ад імя рэктара БДУ акадэміка Абламейкі С.У. уручыў прадстаўнікам украінскага пасольства Джыгуну В.М. і Гуцала М.Р. Лісты падзякі. У сваіх выступленнях прадстаўнікі ўкраінскага пасольства адзначылі, якое вялікае значэнне для ўмацавання нашых узаемных беларуска-ўкраінскіх стасункаў маюць разнастайныя сувязі ў галіне адукацыі, навукі і культуры. На завяршэнне сустрэчы да гасцей факультэта звярнуліся студэнты. У іх выкананні прагучалі вершы Тараса Шаўчэнкі і іншых украінскіх паэтаў.