Сустрэча з Сяргеем Кавалёвым

21 красавіка Сяргей Кавалёў, выпускнік БДУ, прафесар філалогіі і слынны беларускі драматург, аўтар больш чым 30 п’ес, што пастаўлены тэатрамі Беларусі, Польшчы, Расіі, Украіны, Славакіі, завітаў з Любліна ў Мінск, на кафедру гісторыі беларускай літаратуры БДУ. Ён прачытаў студэнтам-трэццякурснікам з  аддзяленняў беларускай і рускай філалогіі свой новы твор – камедыю “Юдзіф”.  

Поўны тэкст гэтай п’есы ўжо атрымаў высокую ацэнку на Рэспубліканскім конкурсе ў гонар Францыска Скарыны. Прачытаў жа аўтар новую версію “Юдзіфі”, зробленую для пастаноўкі ў Гродна – рэжысёрам Алегам Жугждам, з якім у Сяргея Кавалёва склаўся выдатны творчы тандэм.

Уважліва выслухаўшы драматурга, маладыя філолагі задалі яму шэраг пытанняў, прапанавалі свае каментары да п’есы, пацікавіліся стасункамі С.Кавалёва з рэжысёрам і акцёрамі, даведаліся пра цікавосткі багемнага жыцця, сакрэты рэжысёрскага чалавеказнаўства і рэцэпты драматургічнай кухні, пажадалі шчаслівага сцэнічнага лёсу новай беларускай “Юдзіфі”, якая ўпрыгожыць мастацкую калекцыю з твораў самых розных аўтараў на славуты біблейскі сюжэт.

Прафесар Сяргей Кавалёў прэзентаваў таксама найбольш цікаўным студэнтам сваю манаграфію “Шматмоўная паэзія Вялікага Княства Літоўскага эпохі Рэнесансу”.  

Прафесар Алесь Бельскі расказаў пра свой удзел у складанні праграм для школ па беларускай літаратуры, у якія ўдалося ўвесці творы пісьменнікаў-сучаснікаў: А.Наварыча, А.Федарэнкі, інш., – і С.Кавалёва.

У сустрэчы, арганізаванай кафедрай гісторыі беларускай літаратуры, таксама ўзялі актыўны ўдзел загадчыца кафедры, дацэнт Таццяна Казакова, прафесар Людміла Сінькова і выкладчык Ірына Часнок.