Круглы стол «Фалькларыст Леў Бараг»

На пляцоўцы медыятэкі філалагічнага факультэта БДУ 17 мая прайшло пасяджэнне круглага стала, прысвечанага асобе Льва Рыгоравіча Барага – вядомага даследчыка фальклора і літаратуры, доктара гістарычных навук, прафесара Башкірскага дзяржаўнага ўніверсітэта, які ў 40-х гадах мінулага стагоддзя выкладаў на філалагічным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Л. Барагу належаць шматлікія працы, прысвечаныя беларускім, рускім, украінскім казкам, а таксама творчасці Я. Купалы, Цёткі, М. Танка. М. Лынькова, Д. Фанвізіна, М. Горкага і інш.

Круглы стол сабраў як супрацоўнікаў БДУ і студэнтаў, так і гасцей: Яўгена Фактаровіча і Ірыну Муфель, дзяцей сябра і паплечніка Льва Барага – Давіда Фактаровіча, а таксама выкладчыкаў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі і Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў.

Жанна Сцяпанаўна Карповіч, загадчык бібліятэкі філфака, змястоўна распавяла пра жыццёвы шлях навукоўца, аздобіўшы сваё выступленне фотаздымкамі Льва Барага. Рыма Мадэстаўна Кавалёва, вядучы навуковы супрацоўнік ВНЛ беларускага фальклору, у сваім выступленні паспрабавала даць аўдыторыі магчымасць пабачыць героя сустрэчы на ўласныя вочы – праз прызму ўспамінаў.

Разам са сталымі ўдзельнікамі круглага стала сваё слова сказалі і студэнты філфака. Яны з жывасцю і непасрэднасцю расказалі пра ўражанні ад асобы і прац Льва Барага, пра свае росшукі ў інтэрнэце і энцыклапедыях.

Супрацоўнікамі бібліятэкі была падрыхтавана і вельмі ўдалая кніжная экспазіцыя-агляд навуковых прац Льва Барага, з якімі можна было бліжэй пазнаёміцца пасля заканчэння мерапрыемства.