V Міжнародныя Скарынаўскія навуковыя чытанні, прысвечаныя 500-годдзю беларускага кнігадрукавання

17 – 18 лістапада 2017 года на філалагічным факультэце БДУ прайшлі V Міжнародныя Скарынаўскія чытанні прысвечаныя пяцісотгоддзю беларускага кнігадрукавання. Арганізатарам навуковага форуму была кафедра гісторыі беларускай літаратуры філалагічнага факультэта БДУ. На V Міжнародных Скарынаўскіх чытаннях былі абмеркаваны актуальныя праблемы скарыназнаўства, а таксама шырокая кола пытанняў звязаная з засваенням творчых здабыткаў Францыска Скарыны ў беларускай і іншых славянскіх літаратурах. У рамках праграммы чытанняў выступілі 48 навукоўцаў з Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава, Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я. Купалы, Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Варшаўскага ўніверсітэта і Альдэнбугскага ўніверсітэта імя Карла фон Асецкага.

На ўрачыстым адкрыцці чытанняў выступіў дэкан філалагічнага факультэта БДУ, прафесар Іван Сямёнавіч Роўда і дырэктар інстытута літаратуразнаўства імя Я. Купалы НАН Беларусі, прафесар Іван Васільевіч Саверчанка. Праводзіла пленарнае пасяджэнне загадчык кафедры гісторыі беларускай літаратуры, дацэнт Таццяна Пятроўна Казакова. На пленарным пасяджэнні Фундаментальная бібліятэка БДУ правяла прэзентацыю “Скарыніяна ў працах супрацоўнікаў БДУ”, ад ўдзельнікаў чытанняў аспірант Аляксандр Яфімаў і магістрантка Вікторыя Бабровіч усклалі кветкі да помніка Францыска Скарыны, які знаходзіцца ў Галерэі асветнікаў.

Работа чытанняў была арганізавана ў межах чатырох секцый: “Асоба і дзейнасць Францыска Скарыны ў кантэксце эпохі Адраджэння і праз прызму часу”, “Творчая спадчына Францыска Скарыны: рэцэпцыя і інтэрпрэтацыя”, “Беларуская літаратура і кнігадрукаванне як годны працяг справы Францыска Скарыны”, “Шляхамі Ф. Скарыны: беларускае слова ў працэсе фарміравання нацыянальнай ідэнтычнасці”. Навукоўцы разгледзелі творчую спадчыну Францыска Скарыны з перспектывы сусветнага мастацкага вопыту, асвецілі літаратуразнаўчыя, гісторыка-культурныя і мовазнаўчыя аспекты скарынаўскай спадчыны, а таксама метадалагічныя і метадычныя праблемы вывучэння творчасці Францыска Скарыны ў вышэйшай і сярэдняй школе.