Майстар-класы Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў "Настаўнік года Рэспублікі Беларусь 2017"

21-22 верасня 2017 года на базе філалагічнага факультэта БДУ было арганізавана правядзенне майстар-класаў па беларускай мове і літаратуры, рускай мове і літаратуры Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў "Настаўнік года Рэспублікі Беларусь 2017". Педагогі ў гэтай прадметнай намінацыі аддалі перавагу актыўным метадам і формам навучання. Асаблівую цікавасць студэнтаў, якія выступілі ў якасці вучняў, выклікалі разнастайнасць і арыгінальнасць выкарыстаных метадычных сродкаў і прыёмаў. Шырока ўжывалася праца ў творчых, даследчых навучальных групах. На ўсіх без выключэння занятках знайшлі сваё апраўданае месца сучасныя інфармацыйна-камунікатыўныя адукацыйныя тэхналогіі. Агеньчыку цікавасці ў вачах удзельнікаў заняткаў дапамагала абуджацца камунікатыўна спрыяльная і матывацыйна насычаная атмасфера суразмоўніцтва.

Вось як распавядае пра ўбачанае, пачутае і здейсненае студэнтка нашага факультэта Юлія Фельдшарава: "Нам пашчасціла наведаць выдатны ўрок літаратуры.Гэта былі вельмі насычаныя і цікавыя 45 хвілін, за якія мы не толькі даведаліся аб новых прыёмах, якія выкарыстоўваюцца ў сучасным працэсе навучання, але і адчулі іх эфектыўнасць на сабе. Мне вельмі запомніўся прыём "Аловак": кожная з груп малявала прадмет народнага вясковага побыту, няхай гэта будзе скрыня або печ, але па частках, а іншая спрабавала адгадаць. Вось як мы наладжвалі партнёрства праз творчасць. Так, паглыбляючыся ў побыт сапраўднага чалавека-працаўніка з народу, мы вучыліся таму, якім чынам на практыцы можна сфарміраваць у вучняў камунікатыўную кампетэнцыю. Гэта карысныя веды для практыкі, што мае адбыцца надалей. Вельмі цікавы вопыт, вялікі дзякуй арганізатарам і настаўнікам!"