VI Фестываль моў адбыўся на філалагічным факультэце БДУ

У гэтым годзе мінскія аматары замежных моў і лінгвістыкі змаглі правесці першы дзень красавіка ў вялікай кампаніі аднадумцаў: на філалагічным факультэце БДУ прайшоў VI Фестываль моў. Фестываль працягвае расці: у гэтым годзе пазнаёміцца з моўнай разнастайнасцю Зямлі за дзень прыйшло каля 1400 чалавек, што робіць Мінскі фестываль найбуйнейшым не толькі ў СНД, але і, магчыма, у свеце – прынамсі, з фестываляў моў, якія адбываюцца рэгулярна. Не адстае і праграма: сёлета слухачы маглі абіраць сярод прэзентацый 59 моў, чатырнаццаці навукова-папулярных лекцый па лінгвістыцы, беларускай гісторыі, літаратуры і фальклору, а таксама шасці мерапрыемстваў іншага фармату – майстар-класаў, гульняў і моўных практык.

Прэзентацыя кожнай мовы – гэта займальная 45-хвілінная міні-лекцыя, падчас якой прэзентатар – спецыяліст па мове – распавядае слухачам пра найцікавейшыя яе асаблівасці. Незвычайныя гукі і граматычныя канструкцыі, дзіўныя словы і нязвыклыя пісьменнасці, вершы і песні, трагічныя гісторыі мёртвых і выміраючых моў і гісторыі поспеху моў з мільёнамі носьбітаў – усё гэта чакала слухачоў Фестывалю моў на выступленнях лектараў. Самым жа складаным было выбраць, куды накіравацца, бо адначасова ў розных аўдыторыях факультэта праходзілі прэзентацыі васямнаццаці моў, а магчымасцяў на працягу дня было ўсяго толькі шэсць.

Як і заўсёды, сёлета ў праграме былі новыя мовы, якія раней не былі прадстаўленыя на Фестывалі. Напрыклад, кіраўнік Фестывалю Антон Сомін распавёў аб выміраючай аўстралійскай мове дзьяру, у якой ёсць адмысловая падмова для размоў пра цешчу і ў яе прысутнасці. Магістранты маскоўскай Школы лінгвістыкі НДУ ВШЭ Іван Левін і Васіліса Андрыянец прадставілі фарэрскую мову – блізкага сваяка ісландскай, родную для жыхароў Фарэрскіх астравоў, а стажор-даследчык таго ж універсітэта Мікіта Зманоўскі пазнаёміў слухачоў з рускай мовай жэстаў – мовай, якой карыстаюцца глухія людзі. Выкладчыца філалагічнага факультэта БДУ Любоў Падпорынава дадала да сваіх старых прэзентацый польскай, кашубскай і сілезскай моў аповед пра русінскую мову, якая раней лічылася дыялектам украінскай. У гэтым годзе Фестываль таксама пабіў рэкорд старажытнасці: калі ў мінулым годзе найстаражытнейшай з прадстаўленых моў была праславянская, то ў гэтым годзе ў гасцей Фестывалю была магчымасць даведацца, як размаўлялі нашыя продкі больш за шэсць тысяч год таму: лекцыю пра рэканструяваную навукоўцамі праіндаеўрапейскую мову прачытаў вядомы лінгвіст Аляксандр Піперскі. Сярод іншых навінак – лекцыі пра албанскую, старажытнагабрэйскую і старажытнаславянскую мовы, а таксама пра заходнекаўказскія і туканскія мовы, на якіх размаўляюць у басейне Амазонкі.

Найбольш наведвальнымі прэзентацыямі па традыцыі сталі апавяданні пра іспанскую, кітайскую, нарвежскую і мовы Толкіна, кожная з якіх збірала каля сотні слухачоў. Самым жа папулярным мерапрыемствам фестывалю стаў майстар-клас сацыёлага Дар’і Закрэўскай «Як стаць №1 у камунікацыі і перастаць баяцца іншых людзей?», які сабраў паўтары сотні гасцей.

Наступны, сёмы Фестываль моў на філалагічным факультэце БДУ, хутчэй за ўсё, пройдзе 31 сакавіка 2019 года. Занатуйце ў календары!