Сустрэча рэктара БДУ А.Д. Караля з супрацоўнікамі філалагічнага факультэта

ІНАВАЦЫЙНАСЦЬ, ПЕРСПЕКТЫЎНАСЦЬ І ЯКАСЦЬ:
ТВОРЧЫ ПОШУК У ФІЛАЛАГІЧНАЙ НАВУЦЫ І АДУКАЦЫІ

6 красавіка 2018 года на філалагічным факультэце БДУ адбылася сустрэча рэктара, доктара педагагічных навук Андрэя Дзмітрыевіча Караля і прадстаўнікоў цэнтральных адміністрацыйных структур універсітэта з дэканатам, загадчыкамі кафедраў і членамі Савета факультэта.

«Як узбагаціць працэс навучання новымі метадычнымі рашэннямі і адкрыццямі, зрабіўшы яго яшчэ больш блізкім да стылістыкі ўспрымання сучаснага студэнта? Як захаваць у цэнтры ўвагі ў выкладчыцкай дзейнасці працэс выхавання і станаўлення асобы? Што дасць магчымасць эфектыўна пабудаваць дыстанцыйнае навучанне, не выпусціўшы пры гэтым з-пад увагі жывога кантакту са студэнтамі? Як пазбегнуць дубліравання ў змесце прафесійнай падрыхтоўкі па сумежных спецыяльнасцях? Як перавесці на надзейныя камерцыйныя рэйкі частку навуковых праектаў і адукацыйных паслуг факультэта, максімальна актывізуючы гаспадарча-разліковую дзейнасць супрацоўнікаў? Як аптымальным чынам раскрыць і ўвасобіць у жыццё неардынарны інтэлектуальны, духоўны і творчы патэнцыял факультэта?» Гэтыя і іншыя актуальныя пытанні філалагічнай адукацыі, у кантэксце стратэгій і парадыгмы развіцця ўніверсітэта ў цэлым, былі ў цэнтры ўвагі на ўсім працягу змястоўнага і зацікаўленага дыялогу.

Разважаючы пра ролю і значэнне філалагічнага пазнання для развіцця культуры ў грамадстве, рэктар БДУ Андрэй Дзмітрыевіч Кароль узгадаў духоўна блізкія для кожнага гуманітарыя словы Клода Леві-Строса: “XXI стагоддзе будзе стагоддзем гуманітарных навук – ці яго не будзе наогул”.

Звярнуўшыся да светапоглядных, метадалагічных пытанняў у пабудове філалагічнай падрыхтоўкі, рэктар звярнуў увагу на феномен сучаснага «алічбаванага слова», якое само па сабе магло б падацца «спалучэннем неспалучальнага» для людзей з мінулых эпох. У сваім стратэгічна арыентаваным і матывацыйным выступленні А.Д. Кароль пераканаўча адцяніў важнасць таго, каб знайсці, пашырыць і зацвердзіць ужывальнасць алічбаванага слова ў адукацыі, не выцясняючы з яе найгалоўнейшага – глыбіні сэнсу і чалавечнасці.

Дэкан факультэта, доктар філалагічных навук Іван Сямёнавіч Роўда прадставіў шматракурснае, унутрана дыялагічнае па манеры выкладу апавяданне-прэзентацыю аб факультэце. Далей дзейнасць факультэта была разгледжана праз прызму перспектыўнага вопыту работы асобных кафедраў. Загадчыкі кафедраў адлюстравалі актуальную інфармацыю пра спецыфіку дзейнасці сваіх падраздзяленняў, пра поспехі і праблемныя аспекты ў іх працы, пазнаёмілі рэктара з новымі, значнымі выданнямі. У іх ліку – новы пераклад кнігі Псалтыр на беларускую мову, што было асабліва знамянальным у дні, звязаныя са святкаваннем Вялікадня.

Абмяркоўваўся вопыт прымянення на факультэце інавацыйных адукацыйных тэхналогій, сярод якіх – тэхналогіі візуалізацыі навучальнага матэрыялу, распрацоўкі творчых праектаў і партфоліо, здароўезберажэння і інш. Былі адзначаны сучасныя, цікавыя і прадуктыўныя студэнцкія праекты факультэта, шэраг з якіх выклікаў водгук за мяжой: напрыклад, «Студэнт навучае студэнта», дзе, у прыватнасці, замежныя студэнты апавядаюць пра сваю родную краіну, пра асаблівасці яе мовы, культуры і побыту, а таксама даследчыя праекты: «Антычнасць у моладзевай культуры», «Лацінамоўныя надпісы ў храмавай культуры Беларусі», «Лацінамоўныя надпісы ў музейнай культуры Беларусі» і інш.

Рэктарам БДУ была выказана ініцыятыва і вызначаны стратэгічныя арыенціры для правядзення ў будучыні маштабнага міжфакультэцкага, агульнаўніверсітэцкага мерапрыемства па праблемах сучасных адукацыйных інавацый, у магчымым фармаце навукова-практычнай канферэнцыі. У канструктыўным дыялогу знайшлося месца і такім практычна значным арганізацыйным пытанням, як адзіная каардынацыя дадатковага навучання ва ўніверсітэце, падрыхтоўка навуковых кадраў вышэйшай кваліфікацыі, павышэнне рэнтабельнасці вучэбна-навуковых універсітэцкіх выданняў, аператыўнасць і тэхнічная зручнасць выканання аплатных разлікаў за аказаныя адукацыйныя паслугі і інш. Кіраўніцтвам БДУ была падкрэслена мэтазгоднасць стварэння ў бліжэйшай перспектыве адзінага навукова-метадычнага і каардынацыйнага цэнтра для арганізацыі дадатковай адукацыі ў рамках усяго ўніверсітэта, у чым увасабляецца актуальная канцэптуальная ідэя адукацыі, якая праходзіць праз усё жыццё і ўнутраны рост асобы.

Мерапрыемства прайшло ў добразычлівай атмасферы ўзаемнай павагі, даверу і творчага пошуку, за якую рэктар выказаў удзячнасць факультэту ў завяршэнні сустрэчы.