Імпрэза, прысвечаная творчасці А. М. Андрэева

13 красавіка 2018 г. на філалагічным факультэце адбылася імпрэза, прысвечаная навуковай і пісьменніцкай дзейнасці доктара філалагічных навук прафесара Анатоля Мікалаевіча Андрэева. Імпрэза праходзіла ў сувязі з блізкім юбілеем А. М. Андрэева. На сустрэчу сабраліся студэнты розных курсаў філфака, а таксама некалькі чалавек з іншых факультэтаў. Прысутнічалі калегі А.М. Андрэева.

З уступным словам выступіла доктар філалагічных навук прафесар, загадчык кафедры тэорыі літаратуры Т.І. Шамякіна, якая адзначыла ўклад прафесара ў развіццё тэорыі літаратуры. З дакладам пра творчую дзейнасць А.М. Андрэева выступіла доктар філалагічных навук прафесар, прафесар кафедры рускай літаратуры І.С. Скарапанава. Пра чалавечыя і дзелавыя якасці А.М. Андрэева гаварыў доктар філалагічных навук прафесар, прафесар кафедры тэорыі літаратуры В.П. Рагойша.

Кароткае паведамленне, у якім выклаў сваё творчае крэда, зрабіў сам А.М. Андрэеў. А далей юбіляр адказаў на шматлікія пытанні прысутных – як калег, так галоўным чынам і студэнтаў. Гучалі пытанні, якія тычыліся і бібліяграфіі А.М. Андрэева, і яго раманаў, і надзвычай складаныя філасофскія пытанні пра лёс чалавека, пра сучасны стан грамадства. Прафесар адказваў бліскуча.

Сустрэча атрымалася надзвычай цёплай і пры гэтым інфармацыйна насычанай.