Адкрыты навукова-практычны семінар СУЧАСНАЯ ФАЛЬКЛАРЫСТЫКА, МІФАЛОГІЯ, ЭТНАЛОГІЯ: ПАЗІТЫЎНЫЯ, НЕГАТЫЎНЫЯ, СУПЯРЭЧЛІВЫЯ ВЕКТАРЫ РУХУ

23 красавіка 2018 года на філалагічным факультэце БДУ прайшло пасяджэнне навукова-практычнага семінара “Сучасная фалькларыстыка, міфалогія, этналогія: пазітыўныя, негатыўныя, супярэчлівыя вектары руху”, які быў арганізаваны ў межах працы Кансультацыйнага цэнтра па праблемах фальклору (кіраўнік Цэнтра – Шамякіна Таццяна Іванаўна, доктар філалагічных навук, прафесар). Падрыхтавалі семінар фалькларысты кафедры тэорыі літаратуры і супрацоўнікі Вучэбна-навуковай лабараторыі беларускага фальклору.

Пры падрыхтоўцы семінара арганізатары ставілі перад сабой задачу выявіць праблемныя пытанні, натхніць студэнтаў на творчае мысленне, выклікаць цікавасць да вывучэння нерастыражыраваных праблем фалькларыстыкі. На семінары прысутнічалі студэнты першага і другога курсаў спецыяльнасці “руская філалогія” і выкладчыкі філалагічнага факультэта.

Перад прысутнымі з дакладам “Фальклор і літаратура як віды мастацтва” выступіў Яўген Андрэевіч Гарадніцкі, доктар філалагічных навук, дацэнт, намеснік дырэктара Інстытута літаратуразнаўства імя Я. Купалы Цэнтра даследавання беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі. Напачатку Яўген Андрэевіч засяродзіўся на канцэптуальных момантах адрознення паміж фальклорам і літаратурай, пасля ўказаў на кропкі судакранання і завастрыў увагу на праблеме фалькларызму ў літаратуры, а напрыканцы вылучыў шэраг праблемных пытанняў, звязаных з сучасным этапам бытавання фальклорных твораў (вусныя і пісьмовыя формы, “жыццё” твора пасля запісу на паперу, стужку ці відэа, захаванне фальклорных твораў у архівах, друкаванне фальклорных запісаў, інтэрнет-фальклор і інш.), чым выклікаў гарачую дыскусію.

Напрыканцы з заключным словам да прысутных звярнулася Рыма Мадэстаўна Кавалёва, вядучы навуковы супрацоўнік Вучэбна-навуковай лабараторыі беларускага фальклору, кандыдат філалагічных навук, дацэнт, якая падкрэсліла важную асабістую ролю Яўгена Андрэевіча Гарадніцкага ў распрацоўцы праблемы фалькларызму ў беларускай літаратуры, у прыватнасці, у паэзіі. Таксама Рыма Мадэстаўна праілюстравала даклад прыкладамі з уласнага вопыту працы на філалагічным факультэце, распавёўшы, як зараджаюцца і становяцца фальклорнымі творамі чуткі і байкі, перададзеныя з вуснаў у вусны.

Арганізатары навукова-практычнага семінара запрашаюць усіх зацікаўленых у распаўсюджанні ведаў пра народную культуру і папулярызацыі народнай творчасці да супрацоўніцтва. Даведку можна атрымаць па тэлефоне (8017) 380-57-46 або па адрасе Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду. (з паметай «Кансультацыйны цэнтр»).