Конкурс біяграфічных твораў «Слаўная кампанія: рэANIMAцыя»

Да завяршэння першага этапу конкурса «Слаўная кампанія: рэANIMAцыя», прысвечанага беларускім пісьменнікам ХІХ стагоддзя, застаецца роўна трыццаць дзён: збор заявак ад удзельнікаў завершыцца 24 чэрвеня.

За месяц, які прамінуў з дня абвяшчэння конкурсу (23 красавіка), на адрас арганізатараў паступіла 21 заяўка. Зводная табліца колькасці ўдзельнікаў конкурсу (пададзеных заявак) адпаведна персонам з прапанаванага спісу выглядае сёння так:

 

Вікенцій Равінскі

2

Ян Баршчэўскі

2

Ян Чачот

1

Франц Савіч

2

Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч

3

Уладзіслаў Сыракомля

2

Вінцэсь Каратынскі

Пранціш Вуль

2

Кастусь Каліноўскі

1

Альгерд Абуховіч

1

Францішак Багушэвіч

1

Эліза Ажэшка

1

Зоф’я Манькоўская

1

Янка Лучына

2

 

Такім чынам, самым запатрабаваным героем будучых біяграфій пакуль што з’яўляецца Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч. Не пададзена яшчэ ніводнай заяўкі на напісанне біяграфіі Вінцэся Каратынскага. Арганізатары конкурсу чакаюць не толькі запаўнення пустой пазіцыі, але і павелічэння колькасці ўдзельнікаў адносна кожнай асобы са спісу — з мэтай стварэння здаровай творчай канкурэнцыі.

Нагадваем патэнцыйным удзельнікам, маладым і сталым, хто мае ў кумірах асобу з ХІХ стагоддзя і гатовы напісаць яе біяграфію памерам ад 40 000 да 80 000 знакаў з прабеламі пры ўмове ахопу ўсяго жыццёвага і творчага шляху, што

·   заяўкі на ўдзел у конкурсе прымаюцца да 24 чэрвеня,

·   прыём работ вядзецца з 1 мая да 31 кастрычніка.

Заяўкі і творы прымаюцца на адрас Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду..

Удзельнікам пры падачы заяўкі высылаюцца “ключы” — рэкамендаваная літаратура, якая датычыць усіх або часткі пісьменнікаў; анталогіі, хрэстаматыі і зборнікі тэкстаў; падручнікі і дапаможнікі; спіс крыніц, з якімі варта пазнаёміцца, каб адчуць рэаліі і каларыт эпохі.

Арганізатары конкурсу — рэдакцыя часопіса «Маладосць» і кафедра гісторыі беларускай літаратуры БДУ (пры інфармацыйнай падтрымцы Нацыянальнага інстытута адукацыі) — бяруць пад свой патранат кожнага ўдзельніка і гатовы аказваць кансультатыўную і метадычную падтрымку на працягу ўсёй работы над творам. Рэкамендуецца таксама чытаць «Маладосць», дзе з майскага нумара друкуюцца артыкулы ў падтрымку конкурсу.

Конкурс «Слаўная кампанія: рэANIMAцыя» прымеркаваны да Году малой радзімы і прысвечаны 65-годдзю часопіса «Маладосць». Пераможцамі будуць лічыцца аўтары чатырох найлепшых тэкстаў, адабраных журы. Кожны пераможца атрымае Дыплом і матэрыяльнае ўзнагароджанне ад Выдавецкага дома «Звязда» і іншых фундатараў. Лепшыя конкурсныя творы будуць апублікаваны ў часопісе «Маладосць» на працягу 2019 года. Па выніках конкурсу прадугледжваецца выданне кнігі лепшых гісторыка-біяграфічных твораў, прысвечаных беларускім пісьменнікам ХІХ стагоддзя.

Чакаем новых заявак.

Зычым натхнення!

 

Імёны літаратараў,

жыццяпісы якіх прапануюцца для мастацкага асэнсавання

 

  1. Вікенцій Равінскі (1786—1855) — паэт, драматург, найбольш верагодны аўтар паэмы «Энеіда навыварат».
  2. Ян Баршчэўскі (1794—12 сакавіка 1851) — празаік, паэт і выдавец.
  3. Ян Чачот (24 чэрвеня 1796 — 23 жніўня 1847) — паэт, філамат, фалькларыст, этнограф і драматург, сябра Адама Міцкевіча.
  4. Франц Савіч (1815—1845) — паэт, публіцыст, мемуарыст, удзельнік вызваленчага руху.
  5. Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч (4 лютага 1808 — 29 снежня 1884) — паэт, драматург, заснавальнік нацыянальнага тэатра, класік новай беларускай літаратуры.
  6. Уладзіслаў Сырако́мля, сапраўднае імя Людвік Кандрато́віч (29 верасня 1823 — 15 верасня 1862) — паэт, публіцыст, драматург, крытык, перакладчык, этнограф.
  7. Вінцэсь Каратынскі (чэрвень 1831 — 7 лютага 1891) — паэт, перакладчык, публіцыст.
  8. Пранціш Вуль, сапраўднае імя Элегій-Францішак Карафа-Корбут (21 красавіка 1835 — 1880) — паэт і публіцыст, удзельнік паўстання 1863—1864 гг. на Віцебшчыне.
  9. Кастусь Каліноўскі (2 лютага 1838 — 22 сакавіка 1864) — рэвалюцыянер-дэмакрат, публіцыст і паэт, адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—1864 гг. у Беларусі і Літве.
  10. Альгерд Абуховіч (6 жніўня 1840 — 22 жніўня 1898) — паэт, байкапісец, мемуарыст і перакладчык.
  11. Францішак Багушэвіч (21 сакавіка 1840 — 28 красавіка 1900) — паэт, празаік, публіцыст і перакладчык, класік новай беларускай літаратуры.
  12. Эліза Ажэшка (6 чэрвеня 1841 — 18 мая 1910) — празаік, публіцыст, аўтар апавяданняў і аповесцей пра жыццё беларускага сялянства і шляхты, сяброўка Ф. Багушэвіча.
  13. Зоф’я Манькоўская (26 лістапада 1847 — 24 верасня 1911) — паэтка і перакладчыца.
  14. Янка Лучына, сапраўднае імя Ян Неслухоўскі (6 ліпеня 1851 — 28 ліпеня 1897) — паэт, нарысіст і перакладчык.

 

Заяўка ўдзельніка

Прозвішча, імя, імя па бацьку

Год нараджэння

Месца пражывання

Род заняткаў

Нумар тэлефона і электронны адрас

Выбраная асоба са спісу літаратараў