Творчы праект “Перамога ў нашых сэрцах…”

3–4 мая 2018 года на філалагічным факультэце БДУ быў рэалізаваны творчы праект “Перамога ў нашых сэрцах…” з удзелам студэнтаў 1 курса спецыяльнасці “Славянская філалогія”. Акцыя прымеркавана да Дня Перамогі і праводзілася з мэтай ушанавання і ўслаўлення подзвігу нашага народа, які адстаяў мір на зямлі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Ідэйны змест праекта закліканы паказаць, што Дзень Перамогі і сёння аб’ядноўвае нас, напаўняе душы людзей усіх узростаў гонарам за сваю Бацькаўшчыну, верай у свае невычэрпныя сілы, натхняе на вялікую справу служэння Беларусі, а ўсенародны подзвіг назаўсёды застанецца ў памяці нашчадкаў як сведчанне мужнасці, стойкасці духу старэйшага пакалення, яркім увасабленнем даўніх традыцый ратнай і працоўнай доблесці нашага народа.

“Трэба, каб помнілі…” – пад такім дэвізам у межах акцыі была праведзена віктарына, прысвечаная Дню Перамогі і падрыхтаваная Курыленка Алінай. Заданні былі прадстаўлены ў трох катэгорыях: літаратура, музыка і помнікі. Падчас віктарыны прагучалі яскравыя цытаты з беларускай мастацкай літаратуры на тэму Вялікай Айчыннай вайны, па якіх студэнтам неабходна было ўзнавіць назву твора і аўтара. Да таго ж, вельмі цікава было пачуць мелодыі, па якіх студэнты ўзгадвалі песні ваенных часоў. Катэгорыя “Помнікі” змяшчала фотаздымкі знакамітых мемарыяльных комплексаў, абеліскаў і манументаў, узведзеных на Беларусі ў гонар салдатаў вайны.

Машкова Яна і Шмаянкова Наталля прадставілі змястоўны даклад “Тэма Вялікай Айчыннай вайны ў творчасці беларускіх пісьменнікаў”, у якім змяшчаліся не толькі цытаты з твораў знакамітых беларускіх аўтараў, але і некаторыя біяграфічныя даныя пісьменнікаў, іх фотаздымкі і вокладкі кніг. Дзякуючы гэтыму праекту, студэнты мелі выдатную магчымасць прасачыць характэрныя рысы кожнага пісьменніка ў апісанні вайны і параўнаць з іншымі.

Асобным жанрам праекта стала дэкламацыя пісем з фронту Змітровіч Ганнай і Кліндзюк Карынай. Іх паведамленне суправаджалася маляўнічымі ілюстрацыямі прыгожа аформленых “лістоў з фронту”. Гледачоў уразіла, наколькі чуйна ў выкананні дзяўчат прагучалі пасланні з мінулага.

Адной з запамінальных старонак мерапрыемства стала прадстаўленне дакладных звестак пра ахвяры Вялікай Айчыннай вайны. Дакументальны аповед Сакаловай Вольгі аздабляўся ўражлівым малюнкам: на чорным фоне чырвонай акварэллю, быццам крывёю, напісаныя лічбы загінулых. Здаецца, кожны з прысутных запомніць амаль самы важны факт: на вайне кожныя 4 секунды гінуў адзін чалавек. Гэта значыць, што за пяць дзён знішчаўся цэлы горад, падобны майму роднаму Салігорску, дзе колькасць насельніцтва сёння складае каля ста дзесяці тысяч чалавек. А такіх “Салігорскаў” на тэрыторыі Еўропы было нямала. Такія думкі і дакладныя даныя прымушаюць нас, сённяшняе пакаленне, яшчэ больш шанаваць кожнае імгненне побач з роднымі і блізкімі.

Прагучалі ў выкананні студэнтаў і палымяныя вершы Ніла Гілевіча, Аркадзя Куляшова, Ірыны Касянковай і іншых аўтараў. Ластаўка Анастасія, Шынкевіч Анастасія і Велікаселец Кацярына прадставілі ўласныя вершы на ваенную тэматыку, што арганічна дапаўняліся фотаздымкамі і малюнкамі.

Вайна не абмінула нікога, закранула кожную сям’ю, увесь народ. Важкай часткай акцыі сталі дакументальныя аповеды з сямейных архіваў. Ластаўка Анастасія, Лукша Дар’я, Сячко Вера, Татарынаў Андрыян, Гілёва Анастасія і Папкова Кацярына распавялі пра тое, як вайна дакранулася да лёсу іх продкаў – дзядоў і прадзедаў. Менавіта праз такія гісторыі героі мінулага прадсталі перад намі як жывыя – гэта і ёсць “жывая повязь пакаленняў”.

 “У гэтай вайне ўдзельнічаў і мой прадзед, Стасяловіч Іван Вікенцьевіч, – расказвае Лукша Дар’я. – У 1941 годзе ён змагаўся за Маскву, дзе быў паранены. У выніку гэтага прадзед аслеп, а яму было ўсяго 23 гады. Калі ён вярнуўся дадому, працягваў сваё звычайнае жыццё, нават ажаніўся. Але ён ніколі так і не змог убачыць на свае вочы ні жонкі, ні дзяцей, ні ўнукаў. На жаль, я свайго прадзеда не бачыла: ён памёр у 1983 годзе, калі яму было 65 гадоў”.

“Гэта адбылося дзесьці на пачатку мая 1945 года ў невялікім гарадку ў Германіі, - распачынае свой аповед Сячко Вера. –  Камандзір атрада папрасіў майго прадзядулю прывесці белага каня, каб праехаць на ім па вызваленым горадзе як пераможца. У той час, зразумела, коні стаялі асядланыя і кінутыя пасля баёў. Павел Данілавіч знайшоў прыгожага белага каня і хацеў сесці на яго. Як толькі прадзядуля падняў правую нагу ў стрэмя, снайпер стрэліў яму ў тую ж нагу вышэй калена. Куля струшчыла костку, але, на шчасце, удалося захаваць нагу, аднак яна ўжо была прыблізна на 6 см карацейшая за левую, таму што пры правядзенні аперацыі неабходна было дастаць тыя асколкі, а пасля і правільна накласці гіпс. Салдаты хутка адшукалі “нямецкіх невідзімак”: іх было двое. Адзін фашыст быў з элітных нямецкіх войск СС (атрада аховы), а другі – членам Рускай вызваленчай арміі, якія ваявалі на баку Трэцяга рэйха супраць СССР. Доўга не думаючы, яны расстралялі гэтых фашысцкіх снайпераў”.

Гілёва Анастасія і Папкова Кацярына аформілі “ваенны архіў” сваіх продкаў у выглядзе кнігі-дзённіка, дзе змясцілі прыгожыя малюнкі, прысвечаныя Дню Перамогі, тэматычныя вершы і старонкі дзённіка прабабулі. “Гэты дзённік мне патрапіўся ў хаце маёй прабабулі, якая памерла дзесяць год назад… Мы ўсе разам прыводзілі ў парадак дом, і натрапілі на гэтую знаходку – фотаздымкі, лісты, дзённік бабулі часоў вайны…” – расказвае ўсхвалявана Анастасія.

Нас пакідае пакаленне, якое спазнала нягоды Вялікай Айчыннай вайны, але ў нашых сэрцах жыве памяць, жыве Перамога… Задача сённяшняга пакалення – захаваць не толькі памяць пра герояў Вялікай Перамогі, але і зрабіць усё, каб квітнела наша Радзіма, дзеля якой пераможцы ахвяравалі сваім жыццём. З апавядання Ластаўкі Анастасіі “Успаміны”: “Жадаю, каб больш ніколі не было вайны і нашы нашчадкі ніколі не ведалі, што гэта такое. Гэта быў наш боль і страх. Не жадаю, каб мае ўнукі і праўнукі перажывалі нешта падобнае на тое, што перажыў іх дзед шмат гадоў таму”.