Вязынка — 2018

19 мая а 12:00 вёска Вязынка будзе гасцінна сустракаць вас, каб разам адсвяткаваць Дні філфака. Сёлета патрыятычна-асветніцкая акцыя “Вязынка-2018” прысвечана Году малой радзімы.

Акрамя студэнтаў філалагічнага факультэта гасцямі мерапрыемства стануць прарэктары і дэканы БДУ, ваенны факультэт Беларускай дзяржаўнай акадэміі авіяцыі, рыцарскі клуб Саюз ВОльных РАтнікаў.

Традыцыйна мерапрыемства распачне святочны канцэрт каля хаты Янкі Купалы, а на “Гары Парнас” будзе чакаць насычаная праграма — тур-сцяжына, “пенальці дэкану”, а таксама смачная “каша ад дэкана”.

Дух прыроды напоўніць вас спакоем і верай у лепшае, а канцэрт і забаўляльная праграма дазволяць павесяліцца ад душы. Сустрэнемся ў Вязынцы!