Міжнародная навуковая канферэнцыя “Беларуска-польскія моўныя, літаратурныя, гістарычныя і культурныя сувязі”

21–23 чэрвеня 2018 года на філалагічным факультэце адбылася традыцыйная міжнародная навуковая канферэнцыя “Беларуска-польскія моўныя, літаратурныя, гістарычныя і культурныя сувязі”. Суарганізатарамі канферэнцыі выступілі філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі, грамадскае аб’яднанне “Міжнародная асацыяцыя беларусістаў” і Польскі Інстытут у Мінску. З прывітальнымі словамі да ўдзельнікаў канферэнцыі звярнуліся намеснік дэкана філалагічнага факультэта П.І. Навойчык, Пасол Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь Артур Міхальскі, акадэмік НАН Беларусі А. А. Лукашанец, старшыня грамадскага аб’яднання “Міжнародная асацыяцыя беларусістаў” А.А. Суша, а таксама дырэктар Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры З.Л. Яцкевіч.

Сёлетняя канферэнцыя прысвечана 220-годдзю з дня нараджэння Адама Міцкевіча, рознабаковае даследаванне творчасці якога было прадстаўлена навукоўцамі на асобнай секцыі. Акрамя гэтага працавалі традыцыйныя секцыі: мовазнаўчая, літаратуразнаўчая, гісторыка-культуралагічная.

У межах канферэнцыі на базе Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі адбылося пасяджэнне круглага стала, прысвечанага памяці выдатных польскіх беларусістаў, – мовазнаўцы Антаніны Абрэмбскай-Яблоньскай і этнолага Юзэфа Абрэмбскага. На гэтым мерапрыемстве выступіла прафесар Эльжбета Смулкова, якая была першым паслом Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь, а таксама прафесары Ганна Энгелькінг (Варшаўскі ўніверсітэт), Марцін Любась (Ягелонскі ўніверсітэт), Пётр Ціхарацкі (Вроцлаўскі ўніверсітэт), Г. І. Кулеш (Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт), Г. А. Цыхун (Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа) і іншыя.

Насычанай і незабыўнай падзеяй для ўдзельнікаў канферэнцыі стала наведванне знакавых мясцін, звязаных з жыццём і дзейнасцю Адама Міцкевіча, – Завосся, Навагрудка, возера Свіцязь, якое прайшло 22 чэрвеня пры падтрымцы Польскага Інстытута ў Мінску.

Урачыстае адкрыццё канферэнцыі

На адкрыцці канферэнцыі

Пасяджэнне круглага стала ў Інстытуце мовазнаўства імя Я. Коласа

Удзельнікі канферэнцыі на радзіме А. Міцкевіча ў Завоссі

Каля дома-музея А. Міцкевіча ў Навагрудку