Сустрэча з даследчыкам Бібліі Скотам Кэралам

19 кастрычніка кафедрай класічнай філалогіі была арганізавана сустрэча з даследчыкам старажытных рукапісаў Скотам Кэралам. Скот Кэрал – доктар філасофіі (PhD), спецыяліст у галіне біблейскай гісторыі, кіраўнік арганізацыі «Група даследавання рукапісаў» (ЗША). Менавіта дзякуючы яго невычэрпнаму энтузіязму ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыўся ўнікальны выставачны праект «Беларусь і Біблія».

Падчас свайго выступлення, прысвечанага даследаванню ранніх доказаў дакладнасці Бібліі, доктар Кэрал падзяліўся ўнікальным шматгадовым досведам археалагічных і палеаграфічных даследаванняў.

Студэнты пачулі шмат захапляльных гісторый пра незвычайныя абставіны знаходжання старажытных рукапісаў. Прысутных вельмі ўразіў аповед пра прысягу сёстраў Агнес Люіс і Маргарэт Гібсан, дзякуючы якім былі знойдзены многія тэксты Каірскай генізы. Доктар Скот Кэрал распавёў, як ён сам дастаў фрагмент біблейскага тэксту з маскі старажытнаегіпецкай муміі. Студэнты і выкладчыкі з першых вуснаў пачулі пра сучасныя метады расшыфроўкі старажытных палімпсестаў.

Гэта была асаблівая падзея: на філалагічным факультэце БДУ былі прадэманстраваны фота рэдкіх папірусаў, якія яшчэ не апублікаваныя для сусветнай навуковай супольнасці.

Напрыканцы сустрэчы студэнты скарысталіся магчымасцю патрымаць у руках сапраўдны экзэмпляр трохсотгадовай Торы.