Традыцыі і інавацыі на кафедры класічнай філалогіі БДУ

Антычная культура непаўторная і ўнікальная, і для яе вывучэння патрабуецца адмысловы падыход. Для больш поўнага асэнсавання сутнасці антычнай цывілізацыі і яе ўплыву на сучасную культуру неабходны падрыхтаваныя спецыялісты, якія ведаюць класічныя мовы (лацінскую і старажытнагрэчаскую), антычную літаратуру, гісторыю, культуру. Падрыхтоўкай такіх кадраў і займаецца кафедра класічнай філалогіі БДУ, створаная ў 1995 г. намаганнямі кандыдата філалагічных навук, дацэнта Галіны Іванаўны Шаўчэнка. Менавіта тады быў закладзены падмурак школы класічнай адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь, пачала фарміравацца сістэма работы кафедры, якая, з аднаго боку, мае свае традыцыі, а з іншай - крочыць у нагу з часам.

Сёння, калі перад прафесарска-выкладчыцкім складам універсітэта пастаўлена задача па актывізацыі эўрыстычнага навучання ў адукацыйным працэсе, вялікая ўвага на кафедры надаецца даследчай і практыкаарыентаванай рабоце студэнтаў, прычым студэнты-класікі далучаюцца да яе з першага курсу.

Поспехамі кафедры класічнай філалогіі, работай яе загадчыка Вольгі Генрыхаўны Пракапчук, а таксама сучаснымі інавацыйнымі студэнцкімі праектамі і формамі прадстаўлення гатовага студэнцкага адукацыйнага прадукту зацікавіліся і сродкі масавай інфармацыі.