Адкрыццё аўдыторыі «Народныя паэты і пісьменнікі Беларусі»

2 лістапада 2018 года на філалагічным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта адбылося ўрачыстае адкрыццё аўдыторыі «Народныя паэты і пісьменнікі Беларусі». Дэкан факультэта Іван Сямёнавіч Роўда адзначыў: “Аўдыторыя – даніна павагі класікам беларускай літаратуры ХХ ст., восем з якіх маюць непасрэднае дачыненне да нашага факультэта. І хоць аўдыторыя нагадвае музей, але па сваёй сутнасці, найперш, яна з’яўляецца сучаснай вучэбнай аўдыторыяй інавацыйнага навучання. Кожны стэнд мае QR-код, з дапамогай якога студэнты і выкладчыкі могуць перайсці на ўнікальны, створаны супрацоўнікамі філалагічнага факультэта сайт, які павінен стаць базай для пошукавых ведаў студэнтаў, развіцця іх творчых здольнасцей. Свае творчыя здабыткі студэнты будуць дэмастраваць у аўдыторыі, а іх лепшыя працы знойдуць месца на створаным сайце “Народныя паэты і псьменнікі Беларусі”. Дэкан выказаў шчырую падзяку за дапамогу ў стварэнні экспазіцыі кабінета рэктарату ўніверсітэта, супрацоўнікам кафедры гісторыі беларускай літаратуры, вучэбнаму цэнтру інфармацыйных тэхналогій факультэта, Ігару Яўгенавічу Шуцько, загадчыку вучэбнай лабараторыі кафедры агульнай фізікі фізічнага факультэта БДУ, які са сваімі калегамі адказваў за мастацкае афармленне стэндаў. З прамовай выступіў рэктар БДУ Андрэй Дзмітрыевіч Кароль. Ён падкрэсліў актуальнасць і значнасць данай аўдыторыі, якая стане адукацыйным, навуковым і культурным асяродкам як філалагічнага факультэта, так і ўніверсітэта ў цэлым. На адкрыцці выступілі загадчык кафедры гісторыі беларускай літаратуры д.ф.н., прафесар Алесь Іванавіч Бельскі; загадчык кафедры тэорыі літаратуры Таццяна Іванаўна Шамякіна, д.ф.н., прафесар, дачка Народнага пісьменніка Беларусі Івана Шамякіна; д.ф.н., прафесар кафедры рускай мовы Ірына Энгелеўна Ратнікава, унучка Народнага пісьменніка Беларусі Міхася Лынькова. Ад імя студэнтаў прысутных вітала Марыя Жмайлік, стыпендыят імя Івана Навуменкі, якая падкрэсліла, што даная аўдыторыя адпавядае патрэбам сучаснага студэнта ў свеце апошніх дасягненняў інфармацыйных тэхналогій, спрыяе і садзейнічае развіццю творчага мыслення і матывацыі да навучання.

Мерапрыемства знайшло шырокае асвятленне ў СМІ.