XV Шырмаўскія чытанні

28 лістапада 2018 года на філалагічным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта прайшлі XV Шырмаўскія чытанні, прысвечаныя 80-годдзю беларускага фалькларыста, этнамузыказнаўцы, харавога дырыжора, кампазітара Уладзіміра Іосіфавіча Раговіча, вучня і паслядоўніка Рыгора Шырмы.Традыцыйна Чытанні арганізавалі разам кафедра тэорыі літаратуры, Вучэбна-навуковая лабараторыя беларускага фальклору і студэнцкая навукова-даследчая лабараторыя “Фалькларыстыка”.

Праца Чытанняў пачалася з прэзентацыі кніжнай выставы “Рыгор Шырма і Уладзімір Раговіч”, якую прадставіла Ж. С. Карповіч. Пра творчы ўнёсак Уладзіміра Раговіча ў беларускую культуру расказала захавальніца яго памяці, к.ф.н., дацэнт Н. Г. Мазурына.

На ўрачыстым адкрыцці Чытанняў з прывітальнымі словамі выступілі намеснік дэкана дацэнт П. І. Навойчык, прафесар В. П. Рагойша, кандыдат мастацтвазнаўства, дацэнт каф. гісторыі музыкі і беларусістыкі Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Л. Ф. Баранкевіч; кандыдат культуралогіі, дацэнт, заг. каф. этналогіі і фальклору Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў В. В. Калацэй. З музычнымі прывітаннямі перад прысутнымі выступілі этнограф, фалькларыст Наталля Матыліцкая; студэнты Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, старшы выкладчык кафедры нямецкага мовазнаўства філалагічнага факультэта БДУ Дзмітрый Каралёў; студэнцкі фальклорна-этнаграфічны гурт філалагічнага факультэта БДУ “Багач”.

У рамках ХV Шырмаўскіх чытанняў была арганізавана праца семінара-дыскусіі “Сучасная фалькларыстыка, міфалогія, этналогія: пазітыўныя, негатыўныя, супярэчлівыя вектары руху”, на якім з дакладам “Гуманітарная сфера Беларусі: стан і перспектывы” выступіла д.ф.н., прафесар Т. І. Шамякіна. У дакладзе падрабязна былі раскрыты актуальныя праблемныя пытанні, звязаныя са станам гуманітарных ведаў у Беларусі, і зроблены прапановы па выпраўленні існуючых недахопаў.

Найбольшую цікавасць ва ўдзельнікаў канферэнцыі выклікалі даклады к.ф.н., дацэнта кафедры сацыяльна-гуманітарных дысцыплін Інстытута пагранічнай службы М. В. Шамякінай “Будущее гуманитарного знания: взгляд из прошлого (на материале научной фантастики ХХ–ХХI вв., студэнткі 4 курса вакальна-харавога факультэта БДАМ В. В. Фёдаравай “Антаніна Мікалаеўна Аляксеева: носьбіт этнапесеннай традыцыі ва ўмовах этнакультурнай ізаляцыі”, студэнткі 3 курса філалагічнага факультэта БДУ К. І. Бранчэль“Вобраз Радагаста ў творах Дж. Р. Р. Толкіена: славянскі кантэкст”, в.н.с. філалагічнага факультэта БДУ, к.ф.н., дацэнта Р. М. Кавалёвай “Виды фольклоризации в историко-культурном разрезе”.