Штогадовы «Калядны дабрачынны баль»

12 снежня на філалагічным факультэце БДУ адбыўся штогадовы «Калядны дабрачынны баль», арганізаваны Творчым саюзам філфака. Удзельнікамі сталі студэнты розных факультэтаў нашага ўніверсітэта, а таксама курсанты ваеннага факультэта Беларускай дзяржаўнай акадэміі авіяцыі.

Баль адкрыў дэкан філалагічнага факультэта Роўда Іван Сямёнавіч. Гасцей віталі прарэктар па выхаваўчай рабоце і сацыяльных пытаннях Янушэвіч Іван Іванавіч і палкоўнік Говін Андрэй Аляксандравіч, прарэктар па дзяржаўнай авіяцыі, начальнік ваеннага факультэта Беларускай Дзяржаўнай акадэміі авіяцыі. У мерапрыемстве ўзялі ўдзел намеснікі дэкана В.П.Крычко і П.І.Навойчык, намеснік начальніка ваеннага факультэта БДАА палкоўнік Буцько Валерый Мікалаевіч. Асвятлялі падзею карэспандэнты «Белорусской военной газеты “Во славу Родины”».

Вечар запомніўся цёплай і ўтульнай атмасферай, музыкай і танцамі. На працягу месяца студэнткі філалагічнага факультэта і курсанты ваеннага факультэта пад кіраўніцтвам харэографаў студэнтак філфака Кацярыны Жук і Арыны Зярнятка рыхтавалі «Вальс дэбютантак» і «Танга». Кульмінацыяй вечара стаў выбар «Караля і Каралевы балю». Імі сталі Андрэй Іваніцкі, вучань ДУА «Сярэдняя школа № 38 г. Мінска», і Улада Громава, вучаніца ДУА «Гімназія № 41 г. Мінска». Асаблівасцю мерапрыемства стаў удзел гасцей у бяспройгрышнай латарэі. Атрыманыя падчас балю сродкі накіраваны на лячэнне 13-гадовай Надзеі Ахрэмчык. Акрамя латарэі была арганізавана акцыя «Жыццё і слова для Надзі», у рамках якой усе госці балю маглі напісаць Надзеі свае пажаданні. Цёця Надзеі, студэнтка філалагічнага факультэта Лідзія Алькіна адзначыла: «Я назірала за кожным, хто пісаў, за іх эмоцыямі, хуткасцю пісьма, нахілам галавы, за іх задуменнасцю і ўсмешкамі. У гэтым было столькі дабра і чараўніцтва! Мне здаецца, што гэта зробіць сваю справу. Вера ў выздараўленне Надзі ў кожным радку. Гэта неверагодна. Дзякуй!»

Варта падкрэсліць, што праект «Калядны дабрачынны баль» Творчага саюза філалагічнага факультэта з'яўляецца штогадовым удзельнікам конкурсу «Лепшы маладзёжны праект БДУ» і сустракае гасцей ужо ў восьмы раз, з'яўляючыся традыцыйным дабрачынным мерапрыемствам філалагічнага факультэта.

«Калядны дабрачынны баль» падарыў гасцям адчуванне пераднавагодняга цуду і радасці.