Навуковыя чытанні, прысвечаныя 90-годдзю Д.Я. Бугаёва

Выкладчыкі і студэнты, а таксама госці філалагічнага факультэта БДУ сустрэліся 26 лютага на навуковых чытаннях, прысвечаных 90-годдзю Дзмітрыя Якаўлевіча Бугаёва (1929 – 2017). Прафесар, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа, узнагароджаны Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР, член СП СССР (1961) і Беларускага ПЕН-цэнтра (1989), вядучы літаратурны крытык і літаратуразнаўца нашай краіны, Д.Я. Бугаёў 44 гады працаваў на кафедры беларускай літаратуры БДУ, куды быў запрошаны з Акадэміі навук у 1964 г.

Добрую славу ўніверсітэта, яго аўтарытэт мацуюць выбітныя вучоныя, якія выкладаюць у яго сценах. Пра гэта гаварылі дэкан філалагічнага факультэта прафесар І.С. Роўда і яго намеснікі,  дацэнты П.І. Навойчык і М.М. Хмяльніцкі. Калегі Д. Бугаёва па працы на кафедры беларускай літаратуры, прафесары В.П. Рагойша, Т.І. Шамякіна,  дацэнт А.Л. Верабей, вучоны сакратар Інстытута мовазнаўства НАН РБ В.У. Міцкевіч, старшы выкладчыкТ.В. Бельская (Каваленка) прыгадалі найбольш вядомыя манаграфічныя працы Дзмітрыя Бугаёва, звязаныя з увядзеннем у навуковы ўжытак той спадчыны, якая была выкасавана з гісторыі беларускай літаратуры ў 1930-я гг., а сёння з’яўляецца хрэстаматыйнай класікай. Пра педагагічны талент і пасіянарнасць асобы Д. Бугаёва-крытыка гаварыла былая аспірантка Дзмітрыя Якаўлевіча, прафесар факультэта журналістыкі Г.К. Тычко. У чытаннях таксама ўдзельнічалі прафесары Л.Д. Сінькова, І.В. Казакова, А.І. Бельскі (загадчык кафедры гісторыі беларускай літаратуры), дацэнты І.Э. Багдановіч, Л.В. АлейнікВ.У. Барысенка (з МДЛУ), к.ф.н. І.Ч. Часнок, аспірантка Н. Зуева, студэнты філалагічнага факультэта.