Адбылося ўзнагароджванне лаўрэатаў конкурсу «Слаўная кампанія: рэANIMAцыя»

Урачыстая цырымонія ўзнагароджвання лаўрэатаў конкурсу біяграфічных твораў «Слаўная кампанія: рэANIMAцыя», прымеркаванага да Году малой радзімы, адбылася ў час працы ХХVI Мінскай міжнароднай кніжнай выставы ў канферэнц-зале выставачнага цэнтра «БелЭкспа» (Мінск, пр. Пераможцаў, 14).

Конкурс меў наступныя асноўныя мэты: заахвочванне літаратараў да працы ў рэчышчы дакументальна-мастацкай творчасці і стварэнне якасных біяграфічных твораў, прысвечаных жыццяпісам беларускіх пісьменнікаў ХІХ стагоддзя. Сябрамі журы ад кафедры гісторыі беларускай літаратуры БДУ сталі: д.ф.н., прафесар Людміла Сінькова, к.ф.н., дацэнт Ірына Багдановіч, к.ф.н., дацэнт Ігар Запрудскі, а таксама галоўны рэдактар часопіса «Маладосць» Святлана Воцінава, ад Нацыянальнага інстытута адукацыі к.ф.н. Ірына Шаўлякова-Барзенка. (Больш падрабязна тут) Інфармацыя пра Конкурс была абвешчана ў рэспубліканскіх СМІ і на сайтах Арганізатараў. ІІІ этапы Конкурсу праводзіліся з 23 красавіка па 21 снежня 2018 года. Удзел у Конкурсе ўзялі 25 аўтараў з розных рэгіёнаў Беларусі.

Першыя 4 месцы занялі адпаведна Маргарыта Латышкевіч, Надзея Скрыпнік, Аліна Агрэніч і Таццяна Кохан, якія былі ўзнагароджаны ДЫПЛОМАМІ за подпісам Міністра інфармацыі Беларусі. Калегіяльна журы вырашыла заахвоціць яшчэ 6 удзельнікаў: Цімура Буйко, Уладзіміра Мажылоўскага, Міхаліну Бурвіну, Глеба Ганчарова, Ягора Конева і Таццяну Кіявіцкую. Яны атрымалі ГРАМАТЫ Выдавецкага дома «Звязда», якія ўручыў дырэктар – галоўны рэдактар гэтай установы Павел Сухарукаў. Усе лаўрэаты былі ўзнагароджаны таксама ПАДЗЯКАМІ дэкана філалагічнага факультэта БДУ Івана Роўды. Іх уручыў намеснік дэкана па навуковай рабоце Павел Навойчык, які выступіў з прывітальным словам на адкрыцці цырымоніі. Удзельнікаў конкурсу і прысутных прывіталі таксама П.Сухарукаў, які канстатаваў знакавасць конкурсу «Слаўная кампанія: рэANIMAцыя», Гюльнара Юсцінская (Нацыянальны інстытут адукацыі), д.ф.н. Ганна Кісліцына (Нацыянальная акадэмія навук), сябры журы І. Багдановіч і І. Шаўлякова-Барзенка.

Пасля цырымоніі ўзнагароджвання выступілі ўсе лаўрэаты Конкурсу. Яны шчыра падзяліліся сваімі ўражаннямі і цяжкасцямі, якія паўсталі пры напісанні твораў. «Я вельмі ўдзячны арганізатарам за ідэю конкурсу. Было б добра, каб ён увогуле стаў традыцыяй», – адзначыў вядомы пісьменнік і лаўрэат Конкурсу Ягор Конеў. На жаль, з 14 беларускіх пісьменнікаў ХІХ ст., прапанаваных арганізатарамі для дакументальна-мастацкага асэнсавання, толькі 5 былі прысвечаны творы, якія адпавядалі тром галоўным патрабаванням: адлюстраваць увесь жыццёвы і творчы шлях літаратара (а не эпізоды з яго біяграфіі), арыентавацца на займальнасць і чытацкія густы моладзевай аўдыторыі і прапанаваць тэкст высокай мастацкай вартасці. 5 лепшых твораў, якія адпавядаюць гэтым крытэрыям, – «Жыў-быў Вінцэсь» Т. Кіявіцкай пра Вікенція Равінскага, «Крыж ценю на каляінах» М. Латышкевіч пра Яна Баршчэўскага, «Успаміны» Т. Кохан пра Яна Чачота, «Пчала ў вязніцы» Ц. Буйко пра Пранціша Вуля і «Крыло, працятае стралой» Г. Ганчарова пра Янку Лучыну – склалі зборнік, рукапіс якога здадзены ў выдавецтва «Мастацкая літаратура» і павінен выйсці на працягу бягучага года. Галоўны рэдактар выдавецтва Віктар Шніп у выступленні адзначыў карыснасць Конкурсу як для развіцця сучаснай літаратуры, так і для захавання беларускай культуры. Асаблівая ўдзячнасць ад імя арганізатараў Конкурсу была выказана Міністру інфармацыі Беларусі Алесю Карлюкевічу і дацэнту кафедры гісторыі беларускай літаратуры Паўлу Навуменку за разуменне важнасці ініцыятывы і яе падтрымку.

Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч (1808 – 1884), Франц Савіч (1815 – 1845), Арцём Вярыга-Дарэўскі (1816 – 1884), Уладзіслаў Сырако́мля (1823 – 1862), Вінцэсь Каратынскі (1831 – 1891), Кастусь Каліноўскі (1838 – 1864), Альгерд Абуховіч (1840 – 1898), Францішак Багушэвіч (1840 – 1900), Эліза Ажэшка (1841 – 1910), Зоф’я Манькоўская (1847 – 1911), Войслаў Савіч-Заблоцкі (1850 – пасля1893), Адам Гурыновіч (1869 – 1894) чакаюць сваіх удзячных біёграфаў.

У красавіку 2019 года арганізатары Конкурсу маюць намер абвясціць яго другі тур.

Даведачная інфармацыя.

Ініцыятарам і арганізатарам Конкурсу выступіла кафедра гісторыі беларускай літаратуры філалагічнага факультэта БДУ сумесна з рэдакцыяй часопіса «Маладосць» Выдавецкага дома «Звязда» пры інфармацыйнай падтрымцы «Нацыянальнага інстытута адукацыі».

Конкурс праводзіўся ў 2018 годзе ў першы раз. Упершыню быў укладзены зборнік дакументальна-мастацкіх біяграфій беларускіх пісьменнікаў ХІХ стагоддзя.

Заяўкі на ўдзел у Конкурсе падалі 46 чалавек. На адрас арганізатараў былі дасланы тэксты 25 гісторыка-біяграфічных твораў.

З 10 лаўрэатаў Конкурсу жыццё 6 так ці інакш звязана з філалагічным факультэтам БДУ.

Кантакты:

Кафедра гісторыі беларускай літаратуры філалагічнага факультэта БДУ,

Запрудскі Ігар Мікалаевіч, дацэнт, +375 29 636 47 01, Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.