Тыдзень роднай мовы

З 21 па 28 лютага на філалагічным факультэце прайшоў Тыдзень роднай мовы.

У чацвер адбылося ўрачыстае адкрыццё Тыдня роднай мовы. Падрыхтаваная студэнтамі нашага факультэта канцэртная праграма падарыла прысутным шанец пачуць 16 моў свету, 15 з якіх вывучаюцца на філфаку. За такую магчымасць студэнтам падзякавалі і ганаровыя госці імпрэзы: прарэктар па выхаваўчай рабоце і сацыяльных пытаннях І.І. Янушэвіч, дэкан філалагічнага факультэта І.С. Роўда, акадэмік НАН Беларусі А.А. Лукашанец, намеснік дырэктара па навукова-даследчай рабоце Нацыянальнага інстытута адукацыі В.У. Зелянко і паэт А.М. Зэкаў.

На наступны дзень інтэлектуальна-пазнавальная гульня «Філалогія і Я» працягнула шэраг святочных мерапрыемстваў. Першакурснікі спецыяльнасцей «Беларуская філалогія», «Руская філалогія», «Славянская (руска-беларуская) філалогія» спаборнічалі ў наступных намінацыях: «Рэклама», «КВЗ», «Міні-паэма пра беларускую мову», «Песня з 10 лінгвістычнымі тэрмінамі», «Беларуская мова і літаратура». Заслужаную перамогу атрымала 1-ая беларуская група. Напісаная яе старастай песня «Глядзець на свет праз флексію нулявую…» стала сапраўдным гімнам групы і яшчэ доўга будзе гучаць у галаве ўсіх гасцей мерапрыемства.

25 лютага для студэнтаў адчыніла дзверы лінгвістычна-дыскусійная гасцёўня «Яны змаглі, а Ты зможаш?» Юныя філолагі пераканаліся, што любоў да слова і бізнес выдатна працуюць разам. Госці сустрэчы на асабістым досведзе даказалі, што філолаг – прафесія ўніверсальная. У ліку спікераў была выпускніца філфака, а сёння дырэктар «Цэнтра славянскіх моў і культур» Ірына Зімнева, а таксама дацэнт кафедры тэарэтычнай і інстытуцыянальнай эканомікі Любоў Шумская. Спікеры падзяліліся ўласным досведам, а пасля студэнты-філолагі прэзентавалі свае бізнес-планы: ад ідэі пракату ровараў да стварэння літаратурнай кавярні.

На наступны дзень студэнтаў і гасцей факультэта чакала прэзентацыя кнігі В.П. Лемцюговай і І.А. Гапоненка «Карані нашых прозвішчаў». Сярод іншых на мерапрыемства быў запрошаны і дырэктар Інстытута мовазнаўства Ігар Лявонавіч Капылоў. Ён выказаў трапную думку: «Для таго, каб захаваць мову, патрэбна захаваць сувязь пакаленняў. Гэта было пацверджана яго аповедам пра Валянціну Пятроўну Лемцюгову і яе дачку Гапоненка Ірыну Алегаўну. На жаль, Валянціна Пятроўна не дажыла да выхаду ў свет кнігі, якая была напісана ў суаўтарстве з дачкой, але Ірына Алегаўна, гаворачы пра гісторыю стварэння кнігі, выказала спадзеў: «Хочацца верыць, што гэта не канец, а толькі пачатак навуковага даследавання».

27 лютага стала Днём беларускага перакладу. На філфаку адбылася прэзентацыя новых беларускіх перакладаў твораў знакамітых замежных пісьменнікаў. Сярод новых выданняў – серыі перакладаў «Паэты Планеты» і «Драматургі свету», беларускамоўная версія кнігі Джэйн Остэн «Пыха і перадузятасць». Падчас прэзентацыі не забылі і пра выкладчыкаў філалагічнага факультэта, якія зрабілі вялікі ўнёсак у справу беларускага перакладу.

28 лютага Тыдзень роднай мовы завяршыўся Днём беларускай дзяржаўнасці. Тэматычную лекцыю для студэнтаў прачыталі загадчык кафедры гісторыі Беларусі Новага і Найноўшага часу, кандыдат гістарычных навук, дацэнт Макарэвіч Віталій Сяргеевіч і загадчык кафедры гісторыі Беларусі старажытнага часу і сярэдніх вякоў, кандыдат гістарычных навук, дацэнт Падалінскі Уладзімір Аляксеевіч. Заключная імпрэза Тыдня роднай мовы прайшла для прысутных пазнавальна і натхняльна, што да вывучэння гісторыі свайго краю.

Такім чынам, за тыдзень студэнты і госці філфака ўпэўніліся ў надзвычайнай шматграннасці філалогіі, а таксама яе чароўнай здольнасці аб’ядноўваць такіх розных, не падобных адзін да аднаго аматараў слова.