На філалагічным факультэце адбылося адкрыццё кабінета грэчаскай філалогіі

12 сакавіка 2019 г. на філалагічным факультэце БДУ адбылося ўрачыстае адкрыццё кабінета грэчаскай філалогіі (аўд. 207).

У мерапрыемстве прынялі ўдзел Ганаровы консул Грэцыі ў Беларусі Павел Георгіевіч Тапузідзіс, рэктар БДУ Андрэй Дзмітрыевіч Кароль, дэкан філалагічнага факультэта Іван Сямёнавіч Роўда, загадчык кафедры класічнай філалогіі Вольга Генрыхаўна Пракапчук, студэнты і выкладчыкі філалагічнага факультэта.

Рэктар БДУ А. Д. Кароль падкрэсліў унікальнасць кафедры класічнай філалогіі, пры якой будзе дзейнічаць кабінет, і адзначыў, што «тэхнічнае забеспячэнне кабінета дазволіць выкарыстоўваць сучасныя інавацыйныя тэхналогіі, а студэнту – рэалізаваць свае адукацыйныя мэты, лепш пазнаць сябе».

Ганаровы консул Грэцыі ў Беларусі П. Г. Тапузідзіс адзначыў, што знаёмства з культурай, гісторыяй і традыцыямі іншай краіны немагчыма без валодання яе мовай, і выказаў упэўненасць, што намаганні выкладчыкаў і тэхнічнае забеспячэнне кабінета дапамогуць студэнтам авалодаць грэчаскай мовай.

Са словамі падзякі Ганароваму консулу і кіраўніцтву БДУ за падтрымку ў адкрыцці кабінета грэчаскай філалогіі звярнуўся дэкан філалагічнага факультэта І. С. Роўда. Дэкан адзначыў, што сёння студэнты спецыяльнасці «Класічная філалогія» – адзіныя ў Беларусі, хто вывучае старажытна- і навагрэчаскую мовы, – змогуць займацца ў шматфункцыянальнай навучальнай аўдыторыі інавацыйнага тыпу. Забяспечанасць сучаснай мультымедыйнай тэхнікай дазволіць студэнтам ажыццяўляць праектна-даследчую дзейнасць, а выкладчыкам – праводзіць заняткі ў крэатыўнай форме.

Загадчык кафедры класічнай філалогіі В. Г. Пракапчук выказала ўпэўненасць, што кабінет стане пляцоўкай для правядзення розных адукацыйных, навуковых і культурных мерапрыемстваў, рэалізацыі шматлікіх даследчых і творчых праектаў, звязаных з Грэцыяй.

Таксама на цырымоніі выступілі студэнты-класікі, якія па-грэчаску падзякавалі Ганароваму консулу, а затым прадэкламавалі першыя радкі «Іліяды» Гамера на старажытнагрэчаскай, навагрэчаскай і беларускай мовах.

Напрыканцы дацэнт кафедры класічнай філалогіі Д. М. Гоман прадэманстраваў прэзентацыю да Дня незалежнасці Грэцыі, які адзначаецца 25 сакавіка.

Кабінет грэчаскай філалогіі абсталяваны смарт-тэлевізарам для паказу прэзентацый, вучэбных відэаролікаў і фільмаў з камп’ютара, флэш-карты і мабільнага тэлефона. Вялікую карысць для праектнай практыка-арыентаванай дзейнасці студэнтаў будзе мець і шматфункцыянальная прылада, якая сумяшчае ў сабе каляровы прынтар, сканар і ксеракс. Наглядныя матэрыялы (стэндавыя панэлі з грэчаскім алфавітам і парадыгмамі спражэння і скланення, карта Грэцыі, выявы выдатных мясцін) дапамогуць выкладчыкам аптымізаваць вучэбны працэс. Арыгінальная модульная мэбля кабінета прадугледжвае мноства варыянтаў рассадкі, як для індывідуальнай працы, у міні-групах, так і за круглым сталом. Невялікае памяшканне перад новым кабінетам будзе выкарыстоўвацца як пакой для самападрыхтоўкі студэнтаў да заняткаў.

Адкрыццё кабінета будзе садзейнічаць умацаванню культурных і навуковых сувязяў паміж Грэцыяй і Беларуссю, актывізацыі навуковых кантактаў у акадэмічнай супольнасці дзвюх краін.

БДУ з’яўляецца адзінай ВНУ ў Беларусі, якая рыхтуе спецыялістаў па старажытнагрэчаскай і навагрэчаскай мовах. У БДУ на філалагічным факультэце спецыяльнасць «Класічная філалогія» адкрыта ў 1994 годзе. За гэты перыяд адбылося шэсць выпускаў спецыялістаў – гэта больш за 90 філолагаў-класікаў.

Выпускнікі працуюць на гуманітарных факультэтах вядучых навучальных устаноў краіны (у медыцынскіх універсітэтах, каледжах), аддзелах рэдкіх кніг Нацыянальнай бібліятэкі і Навуковай бібліятэкі НАН Беларусі, а таксама ў Нацыянальным архіве. Выпускнікі супрацоўнічаюць з турфірмамі і з’яўляюцца гідамі ў Грэцыі, ажыццяўляюць пераклады з навагрэчаскай мовы для Беларускай гандлёва-прамысловай палаты, іншых устаноў і прыватных асоб.