Адкрытая лекцыя-дыскусія «Пімен Панчанка: сын ці пасынак эпохі?»

21 сакавіка загадчык кафедры гісторыі беларускай літаратуры БДУ прафесар Алесь Іванавіч Бельскі прапанаваў увазе студэнтаў і калег адкрытую лекцыю-дыскусію «Пімен Панчанка: сын ці пасынак эпохі?». Звычайна лекцыйныя тэмы маюць фармулёўкі «Жыццё і творчасць...», «Жыццёвы і творчы шлях...». Прафесар А. І. Бельскі прапаноўвае абнаўляць падыходы да выкладання беларускай літаратуры, больш актыўна звяртацца да новых форм, метадаў і тэхналогій навучання. Ён стварыў лекцыю праблемна-дыскусійнага характару, сінтэтычнага і інтэрактыўнага тыпу. У гэтым яму дапамагла інавацыйная пляцоўка на філалагічным факультэце — аўдыторыя «Народныя паэты і пісьменнікі Беларусі» і створаны аднайменны інтэрнэт-сайт, які змяшчае разнастайныя навуковыя, вучэбна-метадычныя і мультымедыйныя матэрыялы для забеспячэння адукацыйна-выхаваўчага працэсу.

На лекцыі паспяхова рэалізавана стратэгія актыўнага навучання: была створана праблемная сітуацыя, пры яе абмеркаванні і вырашэнні скарыстаны метад крытычнага мыслення, задзейнічаны эўрыстычныя прыёмы, мультымедыйныя сродкі і інфармацыйна-пошукавыя сістэмы. У ходзе лекцыйных заняткаў была прадэманстравана праца ў аўдыторыі з інфармацыяй на стэндах, узаемадзеянне з інтэрнэт-сайтам (біяграфія народнага паэта, метадычныя і навукова-даследчыя матэрыялы, бібліяграфічны спіс і інш.). Кожны з чатырох кадрапланаў змяшчаў спецыяльна падрыхтаваны відэаролік, у канцы адбылося знаёмства з кніжна-бібліяграфічнай выставай. Апрача студэнтаў 3 курса спецыяльнасці «Беларуская філалогія», якім адрасавалася лекцыя, у аўдыторыі прысутнічалі выкладчыкі і аспіранты, якія атрымалі карысны педагагічны вопыт і, галоўнае, далучыліся да супольнага асэнсавання актуальнай праблемы стаўлення да літаратурнай спадчыны.