V Рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя маладых навукоўцаў: пошук і натхненне

22 сакавіка 2019 года на філалагічным факультэце прайшла V Рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя маладых навукоўцаў «Мова і літаратура ў ХХІ стагоддзі: актуальныя аспекты даследавання». У юбілейнай канферэнцыі, арганізаванай Саветам маладых вучоных філалагічнага факультэта, прынялі ўдзел больш за 70 дакладчыкаў з розных адукацыйных і навукова-даследчых устаноў нашай краіны: Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. С. Пушкіна, Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны, Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. А. Куляшова, Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта, Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. У канферэнцыі таксама ўдзельнічалі школьнікі старэйшых класаў, якія цікавяцца мовай і літаратурай, а таксама маюць схільнасць да даследчай работы: свае даклады прадставілі вучні ДУА «Сярэдняя школа № 42 г. Мінска».

На адкрыцці канферэнцыі з прывітальным словам да ўдзельнікаў звярнуўся намеснік дэкана па навуковай рабоце кандыдат філалагічных навук, дацэнт Павел Іванавіч Навойчык.

Натхняльнае, цёплае выступленне П. І. Навойчыка стала ўжо слаўнай традыцыяй: менавіта Павел Іванавіч адкрыў першую канферэнцыю ў 2010 годзе, і вось ужо пятая сустрэча маладых філолагаў пачынаецца з яго прывітання. Намеснік дэкана падкрэсліў выключную ролю моладзі ў навуцы, заўважыў, што менавіта ў маладосці людзі не баяцца выйсці за межы добра вядомых ісцін і задаць сабе пытанне: а што там далей? Для развіцця навукі гэтае пытанне асабліва каштоўнае. Натхніў аўдыторыю і кароткі аповед П. І. Навойчыка пра дасціпную гіпотэзу наяўнасці ў людзей «гена геніяльнасці». 

Старшыня Савета маладых вучоных філалагічнага факультэта БДУ кандыдат філалагічных навук Вольга Уладзіміраўна Зуева падзякавала калегам за цікавасць да канферэнцыі і, ўспомніўшы пра тое, што камунікацыя моладзі адбываецца пераважна ў віртуальнай прасторы, адзначыла: каштоўнасць удзелу ў канферэнцыі не толькі ў апрабацыі навуковых гіпотэз, але і ў жывых зносінах з аднадумцамі.

На пленарным пасяджэнні выступілі аспірант філалагічнага факультэта БДУ Аляксандр Віктаравіч Яфімаў з дакладам «Барацьба з ідэалізмам і літаратуразнаўства: асобныя рэлікты ў сучаснай навуцы»; старшы выкладчык кафедры рускай мовы філалагічнага факультэта БДУ Ала Аляксандраўна Занкавец з дакладам «“Будзем мове вучыцца, пакуль смерць не лучыбба”: тыповыя памылкі вучняў у лінгвістычных заданнях па беларускай мове»; аспірант Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Вольга Артураўна Грыневіч з дакладам «Сядзібная паэзія XVIII стагоддзя: тэкст і кантэксты»; аспірант Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Дзмітрый Уладзіміравіч Сківіцкі з дакладам «Тэарэтычная праблематыка развіцця беларускай тэалінгвістыкі ў межах славянскай тэалінгвістыкі». Кожнае выступлення суправаджалася дыскусіяй, часам вельмі гарачай.

У межах канферэнцыі працавалі восем секцый: «Тэарэтычная і функцыянальная граматыка», «Пытанні сучаснай лексікалогіі і фразеалогіі. Моўная карціна свету», «Сацыяльная лінгвістыка», «Мова і стыль мастацкай літаратуры», «Гісторыя моў і гісторыя мовазнаўства», «Узаемадзеянне моў і праблемы перакладу», «Тэорыя літаратуры. Гісторыя літаратуры. Сучасны літаратурны працэс», «Методыка выкладання мовы і літаратуры».

Тэматыка лінгвістычных дакладаў адлюстроўвае цікавасць маладых даследчыкаў да вывучэння сувязей мовы і нацыянальнай культуры, мовы і асобы, да сацыяльна-псіхалагічных аспектаў маўленчай дзейнасці. Літаратуразнаўцы звяртаюцца да пытанняў паэтыкі мастацкага твора, прапануюць новыя інтэрпрэтацыі класікі, цікавяцца літаратурным працэсам сярэдзіны ХХ – пачатку ХХІ стагоддзяў.

Старшыні секцый адзначылі праблемны характар, актуальнасць і навізну дакладаў, валоданне аўтарамі метадалогіяй філалагічных даследаванняў, высокі ўзровень дыскусій.

V Рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя маладых навукоўцаў «Мова і літаратура ў ХХІ стагоддзі: актуальныя аспекты даследавання» выявіла багаты патэнцыял нацыянальнай філалагічнай навукі. Безумоўна, канферэнцыя спрыяла развіццю навуковай думкі Беларусі і інтэграцыі беларускай даследчыцкай суполкі.

Па выніках канферэнцыі рыхтуецца зборнік навуковых прац.