Festival Européen Latin Grec прыйшоў на філфак

Сёлета ў Еўрапейскім лаціна-грэчаскім фестывалі ў Ліёне (Францыя) ўпершыню прынялі ўдзел выкладчыкі і студэнты кафедры класічнай філалогіі БДУ. Беларускі фільм, прысвечаны дэкламацыі «Іліяды» Гамера, быў уключаны арганізатарамі ў плэй-ліст фестывалю пад нумарам адзін.

Місія фестывалю – папулярызацыя антычнай культурнай спадчыны. Адным з традыцыйных, найбольш важных і маштабных мерапрыемстваў з’яўляюцца публічныя чытанні антычных тэкстаў, якія праводзяцца дыстанцыйна ўдзельнікамі фестывалю ў розных краінах. Кожны год тэмай мерапрыемстваў становіцца адзін з найбуйнейшых твораў Антычнасці. Festival Européen Latin Grec 2019 прысвечаны «Іліядзе» Гамера. Сёлета неўміручыя радкі прагучалі ў выкананні выкладчыкаў, студэнтаў, навучэнцаў і энтузіястаў з пяці кантынентаў. У публічных чытаннях прынялі ўдзел прадстаўнікі буйных універсітэтаў, такіх як Оксфард, Франкфурцкі ўніверсітэт, Варшаўскі ўніверсітэт, Каліфарнійскі ўніверсітэт, Універсітэт Паўночнай Караліны, Нацыянальны ўніверсітэт Аўстраліі і інш., а таксама каледжаў, гімназій і школ. Вершы Гамера прагучалі на старажытнагрэчаскай, лацінскай, англійскай, італьянскай, французскай, нямецкай, рускай, польскай, чэшскай, японскай, кітайскай, карэйскай і іншых мовах.

19 сакавіка ў кабінеце грэчаскай філалогіі філалагічнага факультэта БДУ прайшла адкрытая лекцыя «Гамер і яго паэмы “Іліяда” і “Адысея”», якую выкладчыкі кафедры і студэнты II курса спецыяльнасці «Класічная філалогія» арганізавалі для навучэнцаў ДУА СШ № 66. У адпаведнасці з прынцыпам «роўны навучае роўнага» студэнты распавялі школьнікам пра вялікага Гамера і яго творчасць, прадэманстраваўшы ў прэзентацыі творы антычнага вазапісу, еўрапейскага жывапісу і сучаснага кінематографа на сюжэты «Іліяды». Дацэнт кафедры Я. У. Прыстаўка ажывіў пачатковыя радкі «Іліяды» на старажытнагрэчаскай мове з дапамогай рэканструкцыі эпічнага спеву.

Таксама перад школьнікамі быў выкананы адзін з самых эмацыйных эпізодаў «Іліяды» – «Спатканне Гектара з Андрамахай» у перакладзе на беларускую мову Ю. Дрэйзіна. У ролі дэкламатараў выступілі старшы выкладчык Ю. А. Сядзініна-Баркоўская, дацэнт Я. У. Прыстаўка і студэнты М. Варанцоў, А. Кунцэвіч, К. Пашукевіч і К. Сянько.

Матэрыялы адкрытай лекцыі сталі асновай фільма, створанага для Festival Européen Latin Grec 2019 дацэнтам кафедры класічнай філалогіі К. А. Тананушкам. У ролік увайшлі ўрыўкі з I, VI і XXII песень «Іліяды» на старажытнагрэчаскай мове і ў перакладах на беларускую мову Б. Тарашкевіча і Ю. Дрэйзіна. Тэкст дэкламавалі выкладчыкі кафедры, магістранты і студэнты спецыяльнасці «Класічная філалогія». Кіраўніком праекта выступіла заг. кафедры класічнай філалогіі В. Г. Пракапчук. Вынік работы быў размешчаны на YouTube-канале Festival Européen Latin Grec (https://www.youtube.com/playlist?list=PL_s7Vs109jqIhAY_2zW-WqfYRDrqdVbUK).

Festival Européen Latin Grec быў заснаваны ў 2005 годзе. Партнёрамі мерапрыемства з’яўляюцца міжнародныя грамадскія арганізацыі, установы адукацыі, музеі, у тым ліку Асацыяцыя Athéna – міжнародная грамадская арганізацыя, якая падтрымлівае тых, хто цікавіцца антычнымі цывілізацыямі; Асацыяцыя выкладчыкаў класічных моў і антычнай культуры ARELAL; Ліёнскі музей выяўленчых мастацтваў і інш. Праграма фестывалю ўключае канферэнцыі, тэматычныя экспазіцыі ў музеях, спектаклі, кінапаказы, гульні, конкурсы, рэканструкцыі, спартыўныя мерапрыемствы.