Адкрыты конкурс дэкламацыі антычнай паэзіі «Ad Melpomenen» («Да Мельпамены»)

Каб адчуць прыгажосць і адвечнасць антычнай паэзіі, можна неяк увечары пагартаць томік Гамера альбо Гарацыя, але каб адчуць сапраўдную асалоду ад велічных гекзаметраў ці ад кплівых ямбаў, іх абавязкова трэба пачуць на ўласныя вушы! А яшчэ лепей прачытаць іх уголас, адчуўшы сябе амаль што элінскім песняром ці дасведчаным рымскім патрыцыем.   Конкурс дэкламацыі адбудзецца 15 красавіка ў 14.30 на філалагічным факультэце БДУ (вул. К. Маркса, 31, аўд. 210). Кафедра класічнай філалогіі запрашае ўсіх, хто цікавіцца антычнай паэзіяй, прыняць удзел у наступных намінацыях:

«Арыгінал»: дэкламацыя арыгінальнага антычнага паэтычнага твора на лацінскай або старажытнагрэчаскай мове;

«Літаратурны пераклад»: дэкламацыя літаратурнага перакладу антычнага паэтычнага твора на беларускай альбо рускай мове;

«Уласны пераклад»: дэкламацыя ўласнага перакладу антычнага паэтычнага твора;

«Аўтарскі тэкст»: дэкламацыя ўласнага паэтычнага твора на антычную тэматыку;

«Фрыстайл»: дэкламацыя літаратурнага паэтычнага твора на антычную тэматыку.

Рэгістрацыя ўдзельнікаў конкурсу ажыццяўляецца да 13 красавіка.  Падрабязная інфармацыя аб умовах конкурсу на старонцы кафедры  (graecolatini.by/admelpomenen.htm).

Арганізатары конкурсу таксама прапануюць усім зацікаўленым пазмагацца за Прыз глядацкіх сімпатый і з гэтай мэтай запісаць і запампаваць на Youtube уласны аматарскі відэаролік з запісам сваёй дэкламацыі. Пераможца будзе вызначаны журы пасля падліку набраных ролікам «лайкаў».