VII Мінскі фестываль моў

31 сакавіка 2019 года філалагічны факультэт БДУ ужо ў сёмы раз сабраў мінскіх аматараў замежных моў і лінгвістыкі на Фестываль моў.

Як заўсёды, на Фестывалі знаўцы моў у фармаце кароткіх і займальных 45-хвілінных лекцый знаёмілі прысутных з фанетыкай, граматыкай і гісторыяй моў, чыталі вершы, спявалі песні, расказвалі пра культуру носьбітаў гэтых моў. У гэтым годзе было прадстаўлена роўна 50 моў. Упершыню ў Мінску ў межах Фестывалю прагучалі прэзентацыі мірандскай (мова на поўначы Партугаліі), баскскай (мова на мяжы Іспаніі і Францыі, якая не мае роднасных), авестыйскай (сакральная мова зараастрыйцаў), арчынскай (мова аднаго аула ў Дагестане), грэнландскай (мова буйнейшага ў свеце вострава), старажытнаскандынаўскай (продак усіх сучасных паўночнагерманскіх моў) і саамскіх моў (група фіна-вугорскіх моў, распаўсюджаных на поўначы Еўропы). Італьянскую мову ў гэтым годзе прадстаўляў яе носьбіт Андрэа дзі Стэфана з Мілана, іспанскі гутарковы клуб правёў венесуэлец Хасэ Піньера, а пра мову хіндзі і штучную мову эсперанта прыехаў расказаць дацэнт кафедры біялагічнай хіміі Гомельскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Аляксандр Коваль. У гэтым годзе сярод лектараў было асабліва шмат удзельнікаў, якія спецыяльна прыехалі ў Мінск з розных гарадоў і краін на Фестываль: літоўскі гутарковы клуб і старажытнаанглійскую мову «прывезлі» з Масквы, латышскую – з Санкт-Пецярбурга, малыя мовы Еўропы – з Чэлябінска, каталонскую – з Алікантэ (Іспанія), ідыш – з Ены (Германія), а беларускую мову вачыма замежніка прадставіў славіст Рубэн Бівальд з Гісэна (Германія).

Яшчэ адной асаблівасцю Фестывалю гэтага года стала вялікая колькасць лекцый – 24. Больш за 250 чалавек прыйшлі паслухаць лекцыю маскоўскага фалькларыста і антраполага Аляксандры Архіпавай пра савецкія таемныя мовы, каля 200 чалавек – лекцыю магістра ўніверсітэта Трэнта (Італія) Ксеніі Дзмітрыевай пра білінгвізм з пункту гледжання нейралінгвістыкі.

З поўнай праграмай Фестывалю можна азнаёміцца на яго сайце.