У БДУ ўпершыню прайшоў конкурс дэкламацыі антычнай паэзіі «Ad Melpomenen»

15 красавіка на філалагічным факультэце прайшоў адкрыты конкурс дэкламацыі антычнай паэзіі «Ad Melpomenen» («Да Мельпамены»), арганізаваны кафедрай класічнай філалогіі.

Конкурс дэкламацыі сабраў аматараў антычнай паэзіі: у ім прынялі ўдзел амаль сорак чалавек. Тут былі і малодшыя школьнікі, і вучні больш сталага ўзросту, і студэнты амаль усіх спецыяльнасцей філалагічнага факультэта БДУ. У атмасферы сяброўства і нязмушанасці ўдзельнікі конкурсу дэманстравалі свае таленты: на філалагічным факультэце можна было пачуць і гекзаметры Гамера на старажытнагрэчаскай, беларускай і рускай мовах, і вершы на латыні, і шмат цудоўных перакладаў. Пераадольваючы нясмеласць, канкурсанты чыталі свае ўласныя творы, адухоўленыя Антычнасцю. Журы, у склад якога ўвайшлі загадчык кафедры класічнай філалогіі В. Г. Пракапчук, дацэнт К. А. Тананушка, дацэнт Я. У. Прыстаўка, ст. выкладчык Ю. А. Сядзініна-Баркоўская, ст. выкладчык Д. Г. Мінкевіч, выкладчык А. У. Давыдава, пасля працяглага абмеркавання назвала імёны пераможцаў. А гэта:

у намінацыі «Арыгінал» (дэкламацыя арыгінальнага антычнага паэтычнага твора на лацінскай ці старажытнагрэчаскай мове) – Марыя Кузняцова (3 курс, «Руская філалогія», дыплом I ступені), Мікіта Варанцоў (2 курс, «Класічная філалогія», дыплом II ступені), Вікторыя Янушкевіч (1 курс, «Славянская філалогія», дыплом III ступені);

у намінацыі «Літаратурны пераклад» (дэкламацыя літаратурнага перакладу антычнага паэтычнага твора на беларускую ці рускую мову) – Яніна Ждановіч (5 клас, ДУА «Сярэдняя школа №70», дыплом I ступені), Дар’я Вераб’ёва (1 курс, «Руская філалогія», дыплом II ступені), Валерыя Міцкун (2 курс, «Рамана-германская філалогія», дыплом III ступені), Лізавета Шаховіч (1 курс, «Славянская філалогія», дыплом III ступені);

у намінацыі «Уласны пераклад» (дэкламацыя ўласнага перакладу антычнага паэтычнага твора) – Марыя Кузняцова (3 курс, «Руская філалогія», дыплом I ступені);

у намінацыі «Аўтарскі тэкст» (дэкламацыя ўласнага паэтычнага твора на антычную тэматыку) – Марыя Кузняцова (3 курс, «Руская філалогія», дыплом I ступені), Марыя Пятрэнка (1 курс, «Беларуская філалогія», дыплом II ступені), Дар’я Талалаева (1 курс, «Беларуская філалогія», дыплом III ступені);

у намінацыі «Фрыстайл» (дэкламацыя літаратурнага паэтычнага твора на антычную тэматыку) – Андрэй Мудрак (1 клас, ДУА «НПК “Дзіцячы садок – Пачатковая школа № 468 г. Мінска”», дыплом I ступені), Яна Пруднікава (7 клас, ДУА «Сярэдняя школа № 66», дыплом II ступені), Паліна Чэпік (10 клас, ДУА «Сярэдняя школа № 66», дыплом III ступені).

Прыз глядацкіх сімпатый за лепшы відэаролік (https://youtu.be/s0YPNyyoiHI) атрымаў Андрэй Мудрак (1 клас, ДУА «НПК “Дзіцячы садок – Пачатковая школа № 468 г. Мінска”»).

Кафедра класічнай філалогіі шчыра дзякуе ўсім удзельнікам конкурсу і чакае таленавітых аматараў антычнай паэзіі ў наступным годзе! Асаблівую падзяку за дапамогу ў арганізацыі конкурсу кафедра выказвае Наталлі Іванаўне Вернікоўскай, настаўніцы рускай мовы і літаратуры ДУА «Сярэдняя школа № 66».